Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 7

Васіль Ткачоў

– А што будзе яму?

– Малы, малы, а хітры. Хвалю хітрых. Бацьку, пытаеш, што будзе? А нічога. Вып’ю шкляначку-другую, пагладжу твайго татку па галаве, а ты насвісчашся на ўвесь год наперад. Дамовіліся?

– Дайце падумаць.

– Думай.

– У пуні ў бочцы з зернем, а зверху сена.

– Больш канкрэтна.

– Перад сенам у куце... Куфайка зверху.

– Свішчы. Давай, давай яшчэ трохі. Малайчына. У цябе добра атрымліваецца. Падыходзь і заўтра – дам свісток. Ну, а цяпер вярні мне яго, бо ты дужа моцна дзьмеш... здаецца, што тая гарошына ў маёй галаве кідаецца з кута ў кут, як азвярэла ўсё роўна. Відаць, паснедаў добра.

Перш, чым браць накірунак да пуні з самагонам, участковы завітаў дадому, узяў у клеці спідометр з матацыкла, які ўжо колькі год вісеў на цвіку , працёр нейкай анучкай пыл і, схаваўшы яго пад мундзір, адправіўся «на баявое заданне». Гаспадар самагону, нехлямяжы насаты дзяцюк Мірон быў дома, нешта габляваў пад паветкай, а калі ўбачыў на падворку ўчастковага, крыху разгубіўся: не кожнага дня той прыходзіць да яго.

– Самагон ёсць? – папытаў, нават не павітаўшыся, участковы.

Мірон разгубіўся яшчэ больш, нават злёгку задрыжэлі губы, таму адказаў не адразу, а толькі перавёўшы дых і сабраўшыся з думкамі і сіламі:

– Адкуль, Ягоравіч?

– Хлусіш.

– Дык каб жа ў мяне быў той самагон, як ты кажаш, я б хіба быў такі пануры?

– Быццам і праўда. Але ты п’еш умела. Так што паказвай, паказвай, дзе ён схаваны, пракляты. Чуў, пачалася аперацяя «SОS»? Самагон аддай сам. Не, то кепска, іншы раз трэба газеты чытаць.

– Праскочыла міма...

– Але тут, у цябе, спадзяюся, міма я не праскочу. Ці не так? Ну дык дзе самагон?

– Шукай, Ягоравіч. Паказвай ордэр на вобыск, і – уперад. А я пагляджу, як знойдзеш. Ордэр ёсць?

– Я табе пакажу такі ордэр, што ты ... нічога бачыць не захочаш. Ордэр яму паказвай. Буду я за ім ездзіць у раён. Ты ведаеш, Мірон, колькі мне каштуе адна паездка туды? Не, то і ведаць не трэба.– Ён выцягнуў з-пад мундзіра спідометр, паклаў яго на далонь і, трымаючы фантастычнае прыстасаванне для палахлівых на далоні, асцярожна, нетаропка паруліў да хлеўчука. – Туды, туды паказвае... Адчыняй дзверы, Мірон.

– Адчынены.

– Гэта добра. Так, так... – пераступіўшы нізенькі парожак, участковы апынуўся ў хлеўчуку і адразу ж глянуў у кут перад сенам і ўбачыў куфайку...–Калі верыць майму прыбору, а гэта не абы-якая рэч, то самагон вось тут, пад куфайкай. Прыбор рэагуе толькі на самагон. Сам пакажаш ці мяне прымусіш калупацца ў бочцы з зернем, Мірон?

Мірон здаўся. Участковы яшчэ доўга сядзеў у яго за сталом, апахмяляўся, баіў байкі, а потым чамусьці дастаў з кішэні свісток і працягнуў яго гаспадару хаты:

– Свіснуць хочаш?

Мірон , пачуўшы такое ад участковага, ледзьве не зваліўся з лавы, на якой сядзеў.

– Паўтараю пытанне: свіснуць хочаш?

– Пытання не разумею,– сабраўшыся з духам, вымавіў Мірон. – Я што, дзіцёнак? Ці міліцыянер? Не першы і не другі. Так што, Ягоравіч, прабачце – не па адрасу.

– Разумна: не па адрасу,– пагадзіўся участковы. – А ты, свісток, малайчына: сёння сваю справу зрабіў, адпачні ў маёй глыбокай кішэні. Можа так быць, што і заўтра спатрэбішся. Не магу ж я сёння ведаць, што з маёй галавой будзе заўтра. Яшчэ раз выказваю свайму свістку падзяку: дзякуй, свістуля. Маеш права адпачыць. Ну, мне пара.