Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 6

Васіль Ткачоў

– Шкада. Завоз у вас, мушу заўважыць, нікудышны.

– Гэта ж міліцэйскія гузікі, навошта яны нам?– здзівілася Лізка.

А дзед Цыганок папытаў – ён заўсёды цікавіўся, калі што-небудзь не разумеў:

– А дзе ты, Ягоравіч, гузікі пагубляў? Ці не фокуснік паадшчыкваў?

І стары хехекнуў.

На што ўчастковы прытупнуў нагой:

– Цыц!

Калі ўчастковы знік, у краме зноў загаманілі пра фокусніка. Карцела ўсё ж паразважаць, хто яго узяў бы на кватэру, і па меркваннях усіх, такіх быццам і не знаходзілася. Сам сабе нашкодзіў калі ж чалавек.

Прыйшла Суклета, павіталася, а калі дзед Цыганок папытаў, што робяць дырэктар і новы настаўнік, то яна адказала:

– Шукаюць кватэру.

Дзед Цыганок пацікавіўся:

– А ты б сама, маладзіца, яго ўзяла?

– А ты?

– А што я?

– А што я?– і старая патупала з крамы.

– Вось і пагавары з ёй,– плюнуў услед дзед Цыганок.–Халера, а не баба! Сярод разумных людзей увесь век жыве, то ўжо з намі, простымі смертнымі, і размаўляць не жадае. А ну яе! Ці ў нас сваіх клопатаў мала? Нешта мы пра настаўніка думаем? У яго самога галава на плячах ёсць –і няроўня нашай. Не прападзе. Зваж, Лізка, халвы. Нешта мяне на халву пацягнула. Ды пайду дамоў. А то дзень брындаю, што той сабака бяздомны.

Неўзабаве ў краме засталася адна Лізка, і яна зноў круціла носам і шчокамі перад люстэркам. А раптам новы настаўнік зазірне ў краму? Усе толькі пра яго і гамоняць, а хоць бы глянуць на яго адным вокам. Што там за цаца такая? Тым больш, што высокі, прыгожы , кажуць. І плюс да ўсяго яшчэ і фокуснік. А ёй, Лізцы, даўно хацелася нейкіх фокусаў... Х-хі !..

6

Участковы Баравы прыходзіў у краму не за гузікамі. Гэтых гузікаў хапае і дома. Пасля ўчарашняга ў яго страшэнна, нават шалёна балела галава, а як палячыць яе – не ведаў. Заначка засталася ў райцэнтры, прасіць у жонкі дарэмна: на пахмелле кабета не ахвяруе ніколі, хоць на калені плясніся перад ёй. Ісці да Суклеты? Хоць і міліцыянер, а ўсё роўна няёмка: што падумаюць дырэктар і фокуснік? Не, не справа гэта. Заставаўся адзін варыянт – крама, вэксаль. Лізка выручыць. Прытупаў, а там, у краме, поўна народу, і як заўсёды гэты дзед Цыганок. Пры ім не папросіш – разнясе па ўсёй вёсцы. Ды і астатнія таксама адкусяць палец, толькі пакладзі ў рот. А калі зайшоў участковы ў краму, то, убачыўшы столькі людзей, разгубіўся і не знайшоў сказаць нічога іншага, як папытаць пра гузікі. Мог бы і пра яйкі.

Таму адразу ж з крамы ўчастковы выйшаў на працу. Канкрэтна. Ён дастаў з кішэні свісток з гарошынкай усярэдзіне, лёгенька падзьмуў у яго: парадак. Агледзеўся па баках. Як толькі ўбачыў на вуліцы хлапчука, зноў падзьмуў у свісток. Хлапчук спыніўся, паглядзеў на ўчастковага, а калі той памахаў яму, каб ішоў да яго, паслухаўся.

– Што? Г-гы...– глядзеў на ўчастковага бяззубым ротам хлапчук.

– Свіснуць хочаш?

– Калі дасце.

– На.

Хлапчук свіснуў так гучна і працягла, што ажно участковы заткнуў вушы: уго! І вярнуў свісток.

– А яшчэ хочаш?

– Можна.

– Дам свіснуць добра, калі і ты мне нешта зробіш карыснае...

– А што ?– зацікавіўся хлапчук.

– Пакаж, дзе бацька самагон хавае.