Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 12

Васіль Ткачоў

– Іду, значыць, са школы. Насвістваю. Настрой добры. Строю планы. А варта было мне ўзяцца за клямку веснічак, як адкуль ні вазьміся... мех на галаву, і адразу ж пасыпаліся кулакі. Нібы яны былі ў тым мяху, а потым мех развязаўся і ўсе яны, кулакі, абрынуліся на мяне.

– Усё?

– Усё.

– На каго падазрэнне падае ў цябе самога, Паўлавіч?

– Пытанне складанае. Быццам бы да чужых жанчын не шастаю. Не лаюся з людзьмі. Наадварот, дапамагаю, калі каму трэба, пісьмо напісаць ці скаргу якую... Служу людзям. Таму падазраваць нікога не бяруся.

– Так, так, так,– участковы барабаніў пальцамі па стале. – А не мог замах на жыццё прызначацца нашаму маладому настаўніку за ягоныя фокусы, а ты, як кажуць, патрапіў пад гарачую руку. Га?

Саксонаў задумаўся.

– Дарэчы, дзе ён, фокуснік?– страляў па хаце позіркам Баравы. – Не бачу.

– Пайшоў па грыбы. У яго першага ўрока няма.

– Зразумела. Ну што ж, з горада , каб напасці на цябе, Паўлавіч, бандыты не прыедуць – цяпер паліва дарагое, трэба шукаць нягоднікаў сярод сваіх. Абяцаю знайсці.

– Паабяцаць няцяжка,– уздыхнуў Саксонаў.– Я вось абяцаў Ягоравічу быць за свата, а як з такім выглядам паедзеш у Баравікі? Не атрымліваецца. Тут хоць бы сваіх дзяцей у школе не перапалохаць.

Успомнілі пра ветурача, а ён тут як тут: лёгкі на ўспамін. Ледзь толькі глянуў Ягоравіч на дырэктара, пахіснуўся – яму адразу зрабілася кепска: сёння ж у сваты ехаць! –

– Спакойна, – супакоіў Ягоравіча ўчастковы. – Бязвыхадных сітуацый не бывае. Што-небудзь прыдумаем. А думаць трэба пачынаць неадкладна. Ясная справа, што Паўлавіч ужо не сват. Я – участковы, мяне кожны сабака ведае як аблупленага і не з самага лепшага боку. Не набіваюся па гэтых прычынах сам на галоўнага свата. Таму сыдзе за свата малады настаўнік. Высокі, прыгожы. І ў акулярах. Салідны, адным словам, чалавек. Плюс – фокуснік. Ён з любой сітуацыі вывернецца. А з такім чалавекам не прападзём і мы. Як вы ўжо здагадаліся, я таксама паеду, буду збоку, на падхваце. Не сапсую свята. Як, Ягоравіч, лічыш?

Ягоравіч пагадзіўся:

– На бязрыб’е, як кажуць, і рак рыба... Сёння едзем.

– Сёння дык сёння. А пакуль я пашукаю тых нягоднікаў, якія сапсавалі твар паважанаму чалавеку. Пайшлі, Ягоравіч.

– Пайшлі, Ягоравіч.

І два Ягоравічы, участковы і ветурач, зачынілі за сабой дзверы ў Суклеціну хату. А паколькі яны яшчэ крочылі па вуліцы разам, то ўчастковы хутка і выдаў злачынцаў. Гэта ж вясковыя п’янтосы Кандрацька і Валодзька, кармачы з фермы. Ягоравічу паспеў пахваліцца Палазкоў, што з дапамогай фокусніка-настаўніка ён прыціснуў да сцяны злодзеў, і тыя, паверыўшы, што іх і сапраўды паказаў у люстэрку яму настаўнік, здаліся. Абяцалі адпомсціць. І вось –атрымлівайце... Ну, правільна: пераблыталі, тут і гаварыць няма чаго, дырэктара з фокуснікам.

Настрой у Баравога быў лепш не прыдумаеш: хораша як дзень пачаўся – і ў сваты едзе, і злачынства, мяркуйце, раскрыў. Засталіся дробязі – дапытаць Кандрацьку і Валодзьку, а гэта ён умее рабіць, бо ў прафесіі даўно. А вунь і яны, вунь, злачынцы! Толькі што гэта? Убачыўшы на вуліцы ўчастковага, адразу звярнулі ў вулку, схаваліся. Такія паводзіны кармачоў яшчэ больш усялілі веру ў Баравога, што менавіта яны аддубасілі дырэктара школы замест настаўніка-фокусніка.