Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 13

Васіль Ткачоў

– У мяне не схаваецеся!– пагразіў ім кулаком участковы. – Вось вярнуся са сватоў і адразу за вас прымуся. Такія фокусы ў мяне не праходзяць!

10

У Баравікі паехалі на легкавіку. Ягоравіч выкаціў з хлеўчука старэнькі «Масквіч», абмёў яго венікам, бо легкавік нагадваў чалавека, які доўга спаў у паточанай мышамі саломе.

– Загружайцеся,– загадаў Ягоравіч і першы сеў за руль.

Побач з ім па рэкамендацыі ўчастковага заняў месца сват, а на заднім сядзенні прымасціліся сам участковы і гарманіст Колька.

Паехалі. Было цёмна, на небе выпырхнулі зоркі, мігцелі- стракацелі, і хоць у легкавіку свяціла ўсяго адна фара, і тое бліжняя, даехалі без прыгод. Усе прыгоды пачаліся пазней. Вёска рана ідзе на спачын, і таму ніводнага акна не свяцілася, як гэта не дзіўна – павінны ж чакаць хоць у той хаце, дзе жыве нявеста. Ягоравіч зусім разгубіўся, цемра, якая абвалакла ўсё навакол, зусім збіла яго з панталыку.

– Не зразумеў,– сказаў Ягоравіч і спыніў легкавік. – А ў якой жа хаце, прабачце за не дужа сціплае пытанне, жыве мая абранніца, таксама ветурач Насця? Здаецца, другі дом ад крамы? Колька, загляні ў другу дом.

Колька паслухаўся. Але вярнуўся з нічым.

– Спяць і не адчыняюць,– паведаміў ён.

Участковы параіў шукаць сваю нявесту самому Ягоравічу і папракнуў таго, што так позна прыехалі.

– Такія спрвы трэба рабіць удзень, пры святле,– параіў ён.– А то можа ўсё сарвацца, што было б непажадана.

– Калі ж удзень спраў набралася – не адарвацца.

– Важнейшай справы, чым сватацца, няма. Запомні, Ягоравіч.

Ягоравіч падзякаваў участковага за карысныя парады і нырнуў у цемру. Як гэта не адчыняюць? Хто каму? І па якім праве? Другі дом ад крамы... Так, вось ён. Сабакі ў цёткі Аксінні, у якой кватаруе Насця, няма. Можна ісці смела. Рашуча. Ягоравіч мінуў двор, сенцы і апынуўся ў хаце. Кволым голасам папытаў:

– Ёсць хто жывы?

Як не чуюць. Але ж каб нікога не было, то вісеў бы на дзвярах замок. Зашчапкі таксама на дзвярах няма. Тут нешта не так. Ягоравіч зрабіў яшчэ колькі крокаў наперад, заадно прыкідваючы, дзе тут які выключальнік, і грымнуўся некуды ў невядомасць... Колькі ляцеў, не помніць, але ён нават не паспеў спалохацца. Хоць – не, спалоўася, відаць, бо гучна падаў голас, і з сенцаў крычма выпырхнула бабулька, кінулася на вуліцу.

– Ратуйце! Злодзеі! Рабуюць! – узняла яна лямант, і участковы першы выбраўся з легкавіка.

Баравы загадаў старой, якая пранеслася міма яго:

– Стаяць! Я участковы! Стаяць!

Ён здагадаўся, што лавіць тут нікога не трэба, таму быў смелы і рашучы.

– Вядзі да сябе!– загадаў старой участковы і запрасіў усіх, хто быў у «Масквічы».– Панятыя, за мной!

Шэпелеў і Колька, несучы з сабой гармонік, патупалі за перапалоханай да смерці бабуляй і як ніколі смелым участковым.

– Хто ацэніць нашу працу?– скардзіўся участковы, не прамінуў, як заўсёды, пахваліць сябе.– Такіх не знойдзецца. А як у пекла якое – то давай, участковы, лезь, ты ж міліцыянер. Вось і цяпер... Хто скажа, якая зброя ў бандыта? Пісталет, кулямёт? Шандарахне – і ўсё, рабі дамавіну. А слязу пусціць толькі жонка, і тое наўрад. Ну, дадуць медаль. Пасмяротна. А мне якая карысць? Я, дарэчы, яе апусціць у шклянку з гарэлкай не змагу – так і не абмыю. Запальвай, цётка, святло!