Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 14

Васіль Ткачоў

– Ага! – старая ледзьве намацала ў цемры выключальнік, і калі запалілася лямпачка, з ямы, што была пад падлогай, выкарабкаўся Ягоравіч, мурзаты, страшны...

– Вось ён!– торкнула пальцам на ветурача старая. – Трымайце! Лавіце! Гэта ж я па патрэбе за вугал пакуль схадзіла, ён і залез, гад. Арыштоўвайце, таварыш участковы! Бярыце яго!

Аднак участковы, Шэпелеў і Колька так гучна пачалі смяяцца, што старая нічога не магла зразумець, толькі лыпала вачыма. Потым усё ж здагадалася, што ў яму трапіў ветурач з Хутара, раней, калі не было ў Баравіках Насці, то колькі разоў звярталася і старая да Ягоравіча. Таму яна таксама смяялася бяззубым ротам разам з усімі, падала шчотку, каб той зноў падфранціўся – выпацкаўся, бы дзіця. Старая якраз сабралася падрыхтаваць яму, пара было капаць бульбу, і Ягоравіч плюхнуўся ў рэшткі чарназёму, што быў занесены мінулай восенню туды з клубнямі...

Нявеста і сапраўды жыла ў другой хаце ад крамы, але ж Ягоравіч патрапіў у першую. І як ён так апраставалосіўся? Быццам і лічыць да трох умее, а такі канфуз атрымаўся. Папрасіўшы ў старой прабачэння, сваты падаліся па неабходным адрасе. Толькі ж чаму і там няма святла? Ці спаць палеглі? Ці яшчэ што? Павінна ж чакаць Насця! Павінна ж, калі ўсё сур’ёзна!

А Насця і чакала. Яна сядзела на лаўцы перад хатай з сяброўкамі, якімі паспела абзавесціся, і ўсё бачыла. Гарэла і лямпачка ў першым пакоі, толькі акно было завешана шчыльнай фіранкай, і таму яно не сачылася на падворак.

– Прымайце сватоў! – падаў голас участковы і пасвяціў ліхтарыкам, шукаючы ў змроку нявесту.– Каторая наша будзе? О, ды тут усе прыгожыя, хоць другі раз жаніся! Дык што, запрашаеце ў хату?

– Заходзьце, калі ласка!– распарадзілася Насця, і ўсе зашоргалі ў хату, дзе нічога не напамінала, што тут рыхтаваліся сустракаць гасцей. Аднак неўзабаве за сталом не хапала месцаў – прыйшлі суседзі, нават вясковы святар Еўдакім.

І ўсё было хораша, усё было па-людску. Настаўнік не паказваў фокусы, а хваліў Ягоравіча, якога ўсяго два разы бачыў і пра якога ведаў, што ён заўсёды носіць з сабай скальпель і абяцае, калі вып’е, кастрыраваць усіх хутаранскіх сабак і чамусьці пеўняў, хоць і не ўяляе, што маглі зрабіць кепскае яму вясковыя гарлапаны. Ну, хай бы сабака—дык той можа шкуматнуць за калашыну... Нявеста дала згоду ўпрыгожыць халасцяцкае жыццё Ягоравіча, і хоць розніца ў гадаў паміж імі была значная, на гэта ніхто не звяртаў увагі – артысты ды вучоныя розныя і не такую розніцу маюць, а жывуць жа неяк, а мы што –горшыя? А з каманды падтрымкі нявесты хвалілі Насцю. Так, участковы, фокуснік і ўсе астатнія даведаліся, што яна не толькі ўмее палоць градкі, але сама доіць карову, варыць-парыць і нават не курыць і не п’е. Канешне, што зусім не ўжывае алкаголь, не дужа добра: а з кім жа яму цяпер, Ягоравічу, чарку браць? З участковым хіба? Але ж трэба тупаць да яго, а добра было б, каб напарнік жыў побач з табой, сядзеў насупраць за адным сталом.