Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 8
Сяргей Кавалёў
Шчыра радуе зварот да гістарычнай тэматыкі i ўласна ў межах паэзіі, бо яшчэ зусім нядаўна тэма гісторыі ва ўяўленні большасці паэтаў поўнасцю атаясамлівалася з тэмай Вялікай Айчыннай вайны, быццам да 40-х гадоў гісторыі не існавала. Тым самым збядняўся як малюнак далёкага гістарычнага мінулага, так i выява апошняй вайны: на ваенную тэматыку скіроўвалася большасць эпічных памкненняў i патрыятычных пачуццяў i побач ca станоўчымі выхаваўчымі момантамі такая празмернасць замінала ў паэзіі адцягнена-філасофскаму асэнсаванню вайны як агульначалавечай праблемы, што, на думку Васіля Быкава, з'яўляецца зараз найбольш актуальным, плённым у літаратуры пра вайну на нацыянальным матэрыяле. Пашырылася i ўяўленне аб патрыятызме, калісьці надзвычай спрошчанае i прымітыўнае. I сапраўды: хіба Францішак Савіч альбо Каміла Марцінкевіч не патрыёты свайго народа, як, скажам, Мікалай Гастэла?
Аднак калі сам зварот маладых паэтаў да гісторыі радуе i прыцягвае ўвагу чытача, то пра высокі мастацкі ўзровень гістарычных твораў як твораў п а э з i i казаць пакуль не даводзіцца, акрамя, бадай што, вершаў тых жа А. Мінкіна i С. Сокалава-Воюша. Не даводзіцца па прычынах як аб'ектыўнага, так i суб'ектыўнага характару. Вершы на гістарычную тэму пры ўсёй ix карыснасці i патрэбнасці часам завельмі дыдактычна-рытарычныя, праз патрыятычныя эмоцыі i заклікі не бачна ні гісторыі, ні мастацкасці; увагу паэтаў прыцягваюць усяго некалькі падзей i постацей: Грунвальд, паўстанне 1863 года, Рагнеда, Вітаўт, Скарына, Каліноўскі, што сведчыць пра вузкія веды аўтараў i ранейшую мастацкую неабжытасць нашага шматвяковага мінулага, пра схільнасць да сімвалізацыі, эмблемаізацыі гістарычных асоб. Няўжо толькі Грунвальд i Крутагор'е маюць адносіны да фарміравання духу нацыі, а Ворскла, напрыклад,— не мае i паражэнні ніяк не адлюстроўваюцца ў народнай свядомасці? Маладыя аўтары, не маючы ўласнай мастацкай канцэпцыі гісторыі, у лепшым выпадку запазычваюць яе ў творах Уладзіміра Караткевіча, у горшым —абыходзяцца ўвогуле без яе, прычым не надта задумваючыся пра фармальную спецыфіку гістарычнай паэзіі.
Значна менш, чым калісьці, з'яўляецда зараз у маладых паэтаў вершаў пра Вялікую Айчынную вайну і, адпаведна, менш эксплуатацыі гэтай тэмы, паэтычных падробак. Хаця слова «менш» не азначае таго, што такія павярхоўна-гераічныя творы не з'яўляюцца зусім (верш З. Мінчанка «Урок мужнасці», напрыклад). Усё ж такі пасля Куляшова, Панчанкі маладому чалавеку 20-25 гадоў напісаць добры твор пра вайну цяжка, a благі — пісаць не варта. З усёй нядаўняй паэтычнай прадукцыі на ваенную тэму можна вылучыць хіба што верш Валянціны Аколавай «У музеі Вялікай Айчыннай вайны»: