Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 7
Сяргей Кавалёў
А можа, найбольш парадуюць чытача А. Бембель, У. Сцяпан, В. Маслюк, А. Цвях, паэты перспектыўныя i арыгінальныя, якія толькі заявілі пра сябе, але па тых ці іншых прычынах не раскрыліся ў поўнай меры?
Як ні трывіяльна гэта гучыць, але на ўсе вышэй пералічаныя пытанні адказ зможа даць толькі Яго Вялікасць Час.
*
...Перад лекцыямі ў першакурснікаў філфака i журфака праводжу невялічкую анкету, адно з пытанняў якой гучыць так: «Якіх вы ведаеце маладых беларускіх паэтаў?» Большасць студэнтаў пакідае гэтае пытанне без адказу, некалькі — называюць Адама Глобуса i Анатоля Сыса, хтосьці — Анатоля Вярцінскага i Генадзя Бураўкіна, а нехта, самы дасведчаны, — запісаў А. Сыса, адказваючы на адно з папярэдніх пытанняў: «Якіх вы ведаеце беларускіх пісьменнікаў дакастрычніцкага перыяду?»
Што ж, усё ў жыцці паўтараецца.
МЕТРО ЛЯ ЗАМЧЫШЧА,АЛЬБО ТАЛЕНТ НА РАЗДАРОЖЖЫ
Вельмі няпростае гэта паняцце — маладая паэзія.
Уваходзяць сюды паэтычныя спробы аўтараў, якія толькі-толькі дэбютавалі на старонках перыядычных выданняў: Алеся Бабаеда, Анатоля Вішнеўскага, Алега Ждана, Міхася Курылы, Жанны Пахадня, Галіны Самойла, Леаніда Трубача, Валерыя Шлыкава i многіх іншых. Спробы часам прыкметныя i перспектыўныя для далейшага развіцця, а часам — i невыразныя, відавочна бездапаможныя.
Безумоўна, уяўленне пра маладую паэзію звязана ў нас з аўтарамі ўжо вядомымі па выступленнях у друку i ў калектыўных зборніках Сяргеем Амельчуком, Станіславам Валодзькам, Людмілай Пятруль, Уладзімірам Сіўчыкавым, Міраславам Шайбаком альбо ўвогуле з аўтарамі ўласных зборнікаў: Алегам Мінкіным, Марыяй Баравік, Галінай Булыка, Кастусём Жуком, Алесем Пісарыкам... З аўтарамі таленавітымі, творчымі i з аўтарамі канвеерна-прадукцыйнымі альбо зусім выпадковымі.
Магчыма, спрэчна адносіць да маладой паэзіі Валянціну Аколаву, Уладзіміра Мазго, Алеся Пісьмянкова, Людмілу Паўлікаву, Віктара Шніпа i іншых маладых членаў СП, але ці не пазбавім мы ў такім разе маладую паэзію неабходнай ступені прафесіяналізму, устойлівасці i акрэсленасці ўласцівасцей, залішне ператварыўшы з'яву ў працэс, тым больш, што гэтыя паэты i аўтары, пералічаныя крыху вышэй, у большасці сваёй прадстаўнікі аднаго паэтычнага пакалення.
Зусім спрэчна, мусіць, нейкім чынам уключаць сюды такіх паэтаў, як Леанід Галубовіч i Леанід Дранько-Майсюк, але, паколькі мы вымушаны карыстацца паняццем «маладая паэзія» i не хочам звесці яго на практыцы да паняцця «юнацкая, пачаткоўская»,— без гэтых двух аўтараў не абысціся, бо ix творчасць шмат у чым вызначае тыя асаблівасці i кірункі развіцця нашай маладой паэзіі, якія склаліся ў сярэдзіне 80-х гадоў i па сваіх сумерах, якаснаму ўзроўню акрэсліваюцца ў арыгінальную з'яву для ўсёй беларускай паэзіі.
Што ж новага з'явілася ў маладой паэзіі сярэдзіны 80-х гадоў i што перайшло ад ранейшых часоў, склалася ва ўстойлівую з'яву?
Як частка агульнай тэндэнцыі паглыблення прынцыпу гістарызму не толькі ў літаратуры, мастацтве, культуры, але i ў грамадска-палітычным жыцці, — відавочна павялічылася ўвага да нацыянальнай гісторыі, паглыбілася i патрыятычна ўзвысілася разуменне яе. Калі раней вершы на гістарычную тэматыку пісаліся толькі некалькімі паэтамі (А. Мінкіным, С. Сокалавым-Воюшам), то зараз цяжка знайсці хоць некалькі паэтаў, якія б такіх вершаў зусім не пісалі. З'ява такая шчыра радуе і, як адлюстраванне змен i працэсаў у жыцці грамадства, —абнадзейвае, дае падставы меркаваць пра далейшыя якасныя змены ў культурным жыцці, у адносінах не толькі да сваёй нацыянальнай спадчыны, але i да нацыянальнай будучыні.