Читать «Як пакахаць ружу» онлайн
Сяргей Кавалёў
Сяргей Кавалёў
ЯК ПАКАХАЦЬ РУЖУ
Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Кавалёў, Як пакахаць ружу. Літаратурна-крытычныя артыкулы пра маладую беларускую паэзію 80-х гадоў, — Мінск: Маладосць, 1989.
Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК
ДЗЕСЯЦЬ ГОД ПАЭЗІІ
Суб'ектыўныя нататкі відавочцы
Восень 1980 года. — На першым пасля летніх вакацый паседжанні універсітэцкага літаб'яднання «Узлёт» кіраўнік аб'яднання А. А. Лойка задае нам, першакурснікам, нескладанае пытанне: «Якіх вы ведаеце маладых беларускіх паэтаў?» У адказ — насцярожанае маўчанне. Асабіста я ўспамінаю ў гэты час, як пісаў у школе сачыненне пра маладога паэта Рыгора Барадуліна. Можа, назваць яго? Але ж нехта з аднакласнікаў пісаў сачыненне пра маладога паэта Алега Лойку, а ён, як аказалася, — зусім дарослы, прафесар, доктар навук... Нарэшце ўзнімаецца з месца студэнтка трэцяга курса Ала Канапелька i пачынае пералічваць: Алесь Емяльянаў, Мікола Мятліцкі, Хведар Гурыновіч, Кастусь Жук, Алесь Пісарык, Мікола Пракаповіч, Уладзімір Мазго, Алесь Пісьмянкоў... Упершыню чую гэтыя прозвішчы, даведваюся, што некаторыя з паэтаў зусім нядаўна вучыліся на нашым філалагічным факультэце, ды i ўвогуле добрая палова беларускіх пісьменнікаў — выпускнікі Белдзяржуніверсітэта, так званае бязмежнае «філалагічнае пакаленне».
*
1980 г. — Выйшаў першы зборнік Міколы Мятліцкага «Абеліск у жыце» — праграмная кніга тагачаснай маладой паэзіі з усімі яе вартасцямі i недахопамі. Нават сама назва зборніка — сімвалічная i таксама ў нечым праграмная. Можа не падабацца «афіцыйная» тэматыка вершаў, традыцыйная манера выяўлення паэта, але тое, што М. Мятліцкі значна вылучаўся прафесійным узроўнем сярод іншых маладых аўтараў — бясспрэчна.
Калі схематычна падзяліць усю маладую паэзію 80-х гадоў на два напрамкі: традыцыйны i наватарскі, — то лідэрам першага з ix трэба, безумоўна, прызнаць Міколу Мятліцкага, ва ўсякім разе — да 1984 года.
Некалькі слоў у абарону паняцця «традыцыйны». Так атрымалася, што намаганнямі некаторых нашых крытыкаў традыцыйнасць пачала атаясамлівацца ў апошні час з кансерватызмам, банальнасцю i іншымі малапрыемнымі з'явамі, а наватарства само па сабе пачало лічыцца прыкметай таленавітасці. Напісаць пра пісьменніка, што ён традыцыяналіст, а не наватар—азначае чамусьці абразіць яго. Такім чынам, атрымалася, што ўсе паважаныя літаратары ў нас — наватары, але адначасова яны з'яўляюцца i таленавітымі прадаўжальнікамі нацыянальных мастацкіх традыцый, прычым — усіх адразу, нават. самых супярэчлівых i супрацьлеглых. Там, дзе трэба адзначыць творчую арыгінальнасць, самабытнасць паэта ці празаіка — мы вывешваем прэстыжную шыльду «наватар». З другога боку, не кожны аўтар з наватарскімі памкненнямі з'яўляецца таленавітым майстрам. Бо важна, як заўважыў Пікаса, не шукаць, а знаходзiць. Вільгельм Кюхельбекер быў не менш любімым паэтам Юрыя Тынянава, чым Аляксандр Пушкін, хаця першага з ix Тынянаў называў архаістам, а другога—наватарам.