Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 6
Сяргей Кавалёў
*
1987 г. — Пры СП БССР утварылася Таварыства маладых літаратараў, а сярод нефармальных аб'яднанняў узнікла новая суполка— «Тутэйшыя». Зрэшты, вельмі хутка высветлілася, што гэта адно i тое ж. Большасць сяброў таварыства «Тутэйшыя» былі па роду літаратурнай дзейнасці паэтамі, што i праявілася на знакамітым восеньскім выступленні «Тутэйшых» у Доме літаратараў. Аказалася, што i ў наш празаічны час паэзія можа сабраць перапоўненую залу слухачоў.
*
1988 г. — Хаця традыцыйная паэзія ў гэтым годзе ўзбагацілася вялікай колькасцю зборнікаў («Чытаю зоры» А. Пісьмянкова, «Зямнаяноша» К. Жука, «Абрысы лета» З. Дудзюк, «Тваё святло» Л. Паўлікавай, «Хлеб i памяць», «Хлебны верасень» З. Марозава і інш.), а наватарская — толькі трыма («Парк» А. Глобуса, «Агмень» А. Сыса, «Вяртанне» А. Аркуша), 1988 год будзе правамерна занесці ў актыў наватарскай паэзіі. Па-першае, яна відавочна ўзмацніла свае пазіцыі ў выдавецкіх планах, бо ўпершыню прадстаўлена ажно трыма зборнікамі. Па-другое, з традыцыйных зборнікаў, выдадзеных у гэтым жа годзе з трыма наватарскімі можа па мастацкаму ўзроўню канкурыраваць хіба што кніга Алеся Пісьмянкова. Ды i сярод чытачоў, як паказалі анкеты «Чырвонай змены» i «Крыніцы», найбольшай папулярнасцю карысталіся Анатоль Сыс i Адам Глобус.
*
1988 г. — I ўсё ж такі галоўная падзея года—узнікненне серыі «Бібліятэка часопіса «Маладосць», сярод першых шасці выпускаў якой i зборнікі А. Сыca, A. Аркуша. Маладыя аўтары атрымалі магчымасць не толькі больш друкавацца, але i хутчэй, што значна паскарае літаратурны працэс. Напрыклад, той жа Алесь Аркуш без «Бібліятэчкі» наўрад ці выдаў бы свае вершы асобным зборнікам раней за 1991 год. A самі вершы напісаны да 1988 года! Калі б не «Бібліятэчка», чытачы наўрад ці пазнаёміліся б ca спробамі А. Сыса ў жанры паэмы, бо «Алаізу» i «Агонь-птушку» часопісы ў свой час друкаваць адмовіліся; невядома, ці ўхвалілі б ix у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ды i ці захацеў бы сам паэт убачыць гэтыя творы ў зборніку «Пан-Лес». А паэмы ўсё ж заслугоўвалі таго, каб ix надрукавалі!
*
1989 г. i далей. — Калі чытач будзе праглядваць гэтыя нататкі, напісаныя на пачатку года, — ужо з'явяцца ў кнігарнях i кіёсках паэтычныя зборнікі Сяргея Сокалава, Анатоля Сыса, Ірыны Багдановіч, Алеся Шамойціна, Алеся Бадака i некаторых іншых маладых паэтаў. Чытач зможа самастойна ацаніць мастацкую вартасць гэтых зборнікаў i вызначыць, да якога напрамку, традыцыйнага ці наватарскага, яны адносяцца. Ёсць усе падставы меркаваць, што 1989 год стане плённы для развіцця маладой беларускай паэзіі.
А што ж далей?
Ці зможа традыцыйная паэзія пачатку 90-х гадоў пазбавіцца канфармізму, які, на жаль, быў адной з характэрных яе прыкмет на працягу 70-х i 80-х гадоў?
Ці здолее наватарская паэзія наступнага дзесяцігоддзя ўзняцца на якасна вышэйшую ступень i стаць вядучым напрамкам у беларускай паэзіі?
Анатоль Дэбіш, Ігар Бабкоў, Андрэй Гуцаў, Галіна Дубянецкая, Таццяна Сапач, Вольга Куртаніч, Сяргей Вераціла, Людміла Рублеўская, Сяргей Сыс — што яны (i ці яны) прынясуць новага ў беларускую паэзію?