Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 5

Сяргей Кавалёў

Выйшлі два невялічкія калектыўныя зборнічкі: «Вусны» i «Маладыя галасы». Першы з ix уяўляў сабой чарговы зборнік вершаў універсітэцкага літаб'яднання «Узлёт» i нічым прынцыпова не адрозніваўся ад папярэдняга зборніка «Вёсны», выдадзенага ў канцы 70-х гадоў. «Маладыя галасы» былі складзены Л. Дранько-Майсюком з газетных i часопісных публікацый, таму выхад гэтага арыгінальнага па задуме зборніка быў нечаканасцю нават для некаторых з яго аўтараў.

*

1985 г. — З'яўленне першых зборнікаў адразу чатырох маладых паэтак (Л. Паўлікавай, I. Багдановіч, А. Канапелькі, М. Баравік) засведчыла, што i надалей жаночая паэзія не збіраецца здаваць сваіх модных пазіцый у беларускай літаратуры. Акрамя дэбютантак 1985 г. заўважнымі фігурамі сярод маладых паэтак сярэдзіны 80-х гадоў з'яўляюцца Л. Тарасюк, З. Дудзюк, В. Аколава, В. Хамчук, Г. Булыка. За выключэннем апошняй, усе яны—прадстаўніцы традыцыйнага напрамку ў беларускай паэзіі, хаця некаторыя вершы I. Багдановіч сведчаць пра магчымую эвалюцыю аўтаркі «Чаравікаў маленства» ў напрамку наватарскай паэзіі.

*

1986 г. — Калі ўмоўна абвясціць 1984 г. годам «Таемнасці агню» Л. Галубовіча, а 1985-ы — годам «Сурмы» А. Мінкіна, то 1986-ы справядліва будзе назваць годам «Над пляцам» Л. Дранько-Майсюка. Калі ўлічыць, што ў гэтым жа годзе выйшаў i «Сінтэз» Г. Булыка, а з прадстаўнікоў традыцыйнага напрамку выдаў кнігу адзін М. Пракаповіч, 1986 год аказаўся відавочна шчаслівым для наватарскай плыні. Менавіта ў гэтым годзе смела i паспяхова дэбютаваў на старонках перыядычных выданняў Анатоль Сыс.

A лідэр традыцыяналістаў Леанід Галубовіч на старонках штотыднёвіка «Літаратура i мастацтва» выказаў слушную думку пра існаванне двух напрамкаў у маладой беларускай паэзіі, вось толькі даволі неабгрунтавана прызначыў лідэрам наватараў А. Сыса. Цяжка сказаць, хто сярод паэтаў-наватараў з'яўляецца лідэрам i ці ёсць ён сярод ix увогуле. Але наўрад ці нядаўні дэбютант мог павесці за сабой Л. Дранько-Майсюка, A. Мінкіна, А. Глобуса — паэтаў, у якіх ужо склалася творчая манера, вершы якіх упершыню з'явіліся на старонках газет i часопісаў яшчэ ў пачатку 80-х гадоў.

*

1987 г. — Зборнікаў—шмат: «За тым лугам зеляненькім» Валянціны Аколавай, «Лабараторыя» Паўла Шруба, «Зялёны прамень аеру» Яўгена Хвалея, «Вершаліна» Уладзіміра Мазго, «Ліст рабіне» Уладзіміра Марука, «Пошук радасці» Віктара Шніпа.

Паэзіі — вельмі мала. За зеляненькім лугам у В. Аколавай мы ўбачылі ўсяго толькі новы луг, такога ж колеру, як i першы. Што рабіць з зялёным праменем аеру пасля загалоўка не зразумелі ні чытачы, ні сам аўтар. Вершаліна аказалася без каранёў, хаця наконт гэтага i ўзніклі спрэчкі. Лабараторыя займалася ў асноўным вершаскладаннем; зусім мала радасці прынеслі ўпартыя пошукі В. Шніпа. Некалькі цікавых старонак змяшчаў ліст рабіне, але i ён аказаўся зразумелы пераважна аўтару i адрасату.

Шмат у чым гэты год аказаўся падобны на 1982 г. i не прынёс вялікіх здабыткаў ні традыцыйнаму напрамку ў паэзіі, ні маладой беларускай паэзіі ўвогуле.