Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 4
Сяргей Кавалёў
Асабліва ўразілі вершы Алега Мінкіна, паэта, у творчасці якога нацыянальная мастацкая традыцыя гарманічна спалучалася з арыгінальнай, сучаснай манерай выяўлення. A Мінкін адносіцца да той фенаменальнай катэгорыі паэтаў, якія нават з самага рызыкоўнага эксперыменту ўмудраюцца зрабіць класічны, дасканалы ў мастацкіх адносінах твор.
Там, у Каралішчавічах, пазнаёміўшыся з наватарскімі творамі А. Мінкіна i А. Глобуса, з тэматычнай навізной вершаў С. Сокалава i Г. Булыка, я ўпершыню рэальна адчуў прыкметы з'яўлення новай плыні ў маладой беларускай паэзіі.
*
1984 г. — I ўсё ж гэты год стаў годам трыумфу традыцыйнай паэзіі — годам «Таемнасці агню» Леаніда Галубовіча. Выйшлі акрамя таго зборнікі традыцыяналістаў А. Жыгунова, I. Рубіна, калектыўны зборнік «Крыло», але аб'ектыўна яны трапілі ў цень кнігі Л. Галубовіча, на якую скіравалася асноўная ўвага i чытачоў, i крытыкаў. «Асноўная падзея года—выхад першай паэтычнай кнігі Леаніда Галубовіча», — пісаў у аглядным артыкуле пра маладую паэзію 1984 года крытык Яўген Гарадніцкі (характэрна, што артыкул Я. Гарадніцкага называўся «Навізна традыцыі»), Традыцыйнасць паэзіі Л. Галубовіча падкрэсліваў Рыгор Барадулін на вечары ў Доме літаратараў: «Леанід Галубовіч — з тых паэтаў, якія здолелі наліць у старыя мяхі маладое віно». Леаніда Галубовіча можна смела назваць новым лідэрам традыцыйнага напрамку ў маладой беларускай паэзіі. Цікава, што яе былы лідэр, Мікола Мятліцкі, які вельмі хутка перайшоў у «дарослую паэзію» (фактычна, пасля выхаду ў 1985 г. зборніка «Мой дзень зямны» ніхто пра М. Мятліцкага як пра маладога паэта больш не пісаў) аказаў Л. Галубовічу самую актыўную падтрымку, i ў тым, што «Таемнасць агню» выйшла не ў выглядзе падборкі ў калектыўным зборніку, a ў выглядзе саліднай не толькі па зместу, але па памеру кнігі — не ў апошнюю чаргу заслуга Міколы Мятліцкага.
A ў калектыўным зборніку «Крыло» былі змешчаны дзве падборкі вершаў свядома наватарскага напрамку: Алега Бембеля i Уладзіміра Сцяпана, Вершы У. Сцяпана пры сваёй знешняй навізне i незвычайнасці формы не вылучаліся, аднак, глыбокім унутраным зместам i мастацкай дасканаласцю. Што датычыцца А. Бембеля, то выданне яго зборніка цалкам стала б адметнай з'явай у беларускай паэзіі, тыя ж некалькі вершаў з «Крыла» самі па сабе не ўяўлялі вялікай цікавасці, бо, відаць, былі адабраны з мноства твораў паэта як найбольш нейтральныя.
*
1985 г. — «Сурма» — цудоўны паэтычны зборнік Алега Мінкіна, які можна перачытваць бясконца, атрымліваючы амаль эстэцкую асалоду ад мастацкай дасканаласці вершаў, ад беспамылковага густу аўгара. На жаль, зборнік гэты быў няправільна зразуметы крытыкамі, якія шукалі ў ім адпаведнасці рэальнаму жыццю i адпаведнасці гісторыі, амаль не звяртаючы ўвагу на паэзію,
«Груд» — карэктура зборніка Адама Глобуса. Выключна рэдкі выпадак у выдавецкай практыцы: аўтар атрымоўвае на рукі карэктуру сваёй кнігі, атрымоўвае палову ганарара, а потым яму нечакана паведамляюць, што па нечаму высокаму загаду набор на паліграфкамбінаце рассыпаны i амаль гатовая кніжка знішчана. Без вытлумачэнняў.