Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 3
Сяргей Кавалёў
*
1982 г. — У перыёдыцы з'яўляецца некалькі «нязвыклых» вершаў Леаніда Дранько-Майсюка, з прыкметным уплывам сучаснай маскоўскай паэзіі, у прыватнасці—паэзіі Юрыя Кузняцова. А яшчэ — зусім не падобныя на вершы слоўныя канструкцыі Адама Глобуса. Здаецца, радавалі яны спачатку не столькі сваім наяўным зместам i формай, колькі самім фактам з'яўлення на старонках афіцыйных выданняў. У той час, калі маладыя паэты паспяхова ўсвойвалі ад старэйшых таварышаў прынцып адпаведнасці таго, што пішаш, таму, што можа быць надрукавана i паўсюдна друкуецца, — абнадзейвала, што хоць хтосьці мае магчымасць на пачатку творчага шляху друкаваць такія вось «абуральныя» вершы.
*
1983 г. — Гэты год выдавецтва «Мастацкая літаратура» магло смела абвясціць «годам маладога аўтара». У кнігарнях з'явіліся зборнікі Л. Дранько-Майсюка, Л. Тарасюк, А. Пісьмянкова, П. Ламана, З. Дудзюк, В. Хамчук, А. Пісарыка, В. Шніпа, Я. Хвалея, a ў дадатак да свята — калектыўны зборнік «Сцяжына». На рускай мове выдадзены ў Маскве зборнік З. Марозава «Огонь и жито», які, праўда, не прынёс усесаюзных лаўраў ні асабіста аўтару, ні маладой беларускай паэзіі ўвогуле. Зборнікі 1983 года сведчылі, што ix аўтары — таксама прыхільнікі традыцыйнага напрамку ў беларускай паэзіі, у гэтым сэнсе 1983 год з'явіўся лагічным працягам папярэдняга 1982-га. Выключэннем з'яўляўся «Вандроўнік» Леаніда Дранько-Майсюка, які ў агульнай плыні ўспрымаўся, аднак, не як нешта новае, наватарскае, а проста як найбольш арыгінальнае, прафесійнае. Астатнія зборнікі, хаця i адносіліся да аднаго напрамку, мелі паміж сабой істотную розніцу з пункту гледжання мастацкай дасканаласці вершаў. Так, відавочным поспехам традыцыйнай паэзіі стаў «Белы камень» Алеся Пісьмянкова, малавыразныя атрымаліся кнігі ў Зінаіды Дудзюк i Валянціны Хамчук, не вельмі парадаваў перспектыўны па агульнаму меркаванню Віктар Шніп. Безабаронна-слабымі па свайму мастацкаму ўзроўню выглядалі «Белы май» Алеся Пісарыка i «Прычасце» Яўгена Хвалея.
Сярод дванаццаці аўтараў калектыўнага зборніка «Сцяжына» вылучаліся Валянціна Аколава, Станіслаў Валодзька, Алесь Цвях, але найбольш прываблівалі вершы Валерыя Маслюка, невялічкія казачнафантастычныя гісторыі з сучаснага гарадскога жыцця, i «хімічныя» вершы Галіны Булыка, традыцыйныя па форме, злёгку наватарскія па зместу.
*
Снежань 1983 года. — У якасці маладога крытыка, удзельніка лімаўскай дыскусіі па праблемах сучаснай беларускай паэзіі, мне давялося быць на чарговым семінары творчай моладзі ў Каралішчавічах. Семінар той быў, пэўна, адным з самых прадстаўнічых за 80-я гады: там я сустрэў Алега Мінкіна, Адама Глобуса, Сяргея Дубаўца, Ігара Жука, Сяргея Сокалава, Галіну Булыка, Вінцэся Мудрова, Лявона Неўдаха, Ірыну Жарнасек, Язэпа Янушкевіча, Эдуарда Акуліна, Алеся Бадака, Алеся Жамойціна i многіх іншых, большасць з ix я ўбачыў i пачуў упершыню.