Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 2

Сяргей Кавалёў

*

1981 г. — Да 90-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча на нашым філалагічным факультэце праводзіўся конкурс на лепшы верш, прысвечаны аўтару «Вянка». Потым, зразумела, пераможцамі былі абвешчаны ўсе ўдзельнікі конкурсу, хаця лепшымі відавочна былі вершы Сяргея Сокалава i Ірыны Сабачэўскай. С. Сокалаў у той час не быў яшчэ Сокалавым-Воюшам, не спяваў свае вершы над гітару i нават сам наўрад ці здагадваўся, што праз некалькі год стане вядомым бардам, улюбёнцам беларускай нефармальнай моладзі. Але нават па трох яго вершах пра Янку Купалу, Францішка Багушэвіча i Максіма Багдановіча можна было зразумець, што перад намі — цікавы, самабытны паэт рамантычнага складу, з абвостраным пачуццём патрыятызму i нацыянальнай годнасці. С. Сокалаў паставіў перад сабой дзіўную i пачэсную задачу: стварыць беларускі гераічны эпас, які адсутнічаў у гісторыі нашай літаратуры («напісаў жа на пачатку XX ст. шэраг выдатных героіка-эпічных твораў латышскі паэт Ян Райніс!»). Праз чатыры гады С. Сокалаў здзейсніў задуманае, але вынікам эксперыменту было суджана яшчэ доўгі час заставацца неапублікаванымі, знаходзіцца па-за літаратурным працэсам.

*

1981 г. — У «дарослай» паэзіі значная падзея: пад рэдакцыяй Уладзіміра Караткевіча, з прадмовай Пімена Панчанкі i з пасляслоўем Варлена Бечыка, пры актыўнай падтрымцы Міхася Дубянецкага выйшла ў рэшце рэшт шматпакутная кніга паэзіі Алеся Разанава «Шлях-360». З гэтага часу ўсіх маладых літаратараў стала магчымым падзяляць на прыхільнікаў паэзіі Разанава i на яе праціўнікаў. Папярэдняя кніга А. Разанава «Каардынаты быцця» (1976) не аказала такога моцнага ўплыву на маладых паэтаў, ды i наступная, «Вастрыё стралы» (1988), — таксама.

*

1982 г. — Выдадзены цэлы шэраг першых зборнікаў маладых паэтаў: «Планета маёй душы» Кастуся Жука, «Неад'емнае» Міколы Пракаповіча, «Зоркі ў кронах» Уладзіміра Марука, «Пад небам бусліным» Змітрака Марозава, «Скразная лінія» Алеся Каско. Усе гэтыя аўтары прыйшлі ў літаратуру на пераломе 70-х i 80-х гадоў, усе яны — прадстаўнікі традыцыйнага накірунку ў беларускай паэзіі, таму шмат у чым ix зборнікі былі сугучныя «Абеліску ў жыце» М. Мятліцкага, выдадзенаму два гады назад, хаця відавочна прайгравалі яму ў выразнасці, праграмнай завостранасці, тэхнічнай завершанасці. Ужо самі назвы зборнікаў адлюстроўвалі ix тэматыку i стылістыку, выяўлялі пэўную агульнасць творчых манер ix аўтараў. Складвалася ўражанне, што ўсе адрозненні, адметныя рысы вершаў былі найперш звязаны з родам дзейнасці, працай таго ці іншага з гэтых паэтаў ды яшчэ з асаблівасцямі тэмпераменту: лірычны герой К. Жука — рабочы, З. Марозава — хлебароб, У. Мазго — учарашні салдат; лёгкія, камунікабельныя вершы М. Пракаповіча кантраставалі з засяроджанымі, спакойнымі вершамі У. Марука.