Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 24

Сяргей Кавалёў

Чалавек у вершах А. Глобуса, В. Маслюка, Г. Булыка жыве не толькі сярод прыгожай прыроды i прыгожых дэкламацый, але i сярод рэальнай (у дадзеным выпадку гарадской) рэчаіснасці, з яе людзьмі i ix узаемаадносінамі, з яе шматлікімі рэчамі i прадметамі, якія, сапраўды, адыгрываюць не апошнюю ролю ў фарміраванні чалавека, ім жа, чалавекам, прыдуманыя i створаныя. Рэчы i прадметы гэтыя даўно «асвоеныя» ва ўжытку, без якіх ужо i абысціся, здаецца, нельга, асвойваюцца, абжываюцца эстэтычна, эмацыянальна ў ix унутраным, сутнасным значэнні для чалавека.

Ён гулка пляснуў аб тугі канверт I значным стаў, як пляма на абрусе, Ці на рагу насоўкі тоўсты вузел, Ці бляск замка, што вісне на хляве. На папяровай бледнасці маўчаў Гарачай безаблічнасцю Спачатку: Чакаў цяжкога дотыку пячаткі, Каб атрымаць аблічча: Месца, час... А потым нёс пачуццяў боль i жар, Густых радкоў нястомленую палкасць. Данёс — I разваліўся на кавалкі: Тых тайнаў, што бярог, не знёс цяжар...

Г. Булыка. «Сургуч»

Істотнае ў гэтым вершы Галіны Булыка не столькі сама нечаканасць, незвычайнасць лірычнага героя, не тое, што ён напісаны пра сургуч (скажам так), а тое, як напісаны, на якім паэтычным узроўні. Бо можна апісаць усе рэчы ў пакоі ў рыфму альбо верлібрам, i ўсё ж гэта не будзе паэзіяй, i мы слушна пацікавімся: навошта такія апісанні, што даюць яны чытачу?

Прышвін пісаў, што масавая хвароба сучаснага чалавецтва ў яго залежнасці ад свету рэчаў, i толькі здзіўленасць выратуе чалавека. Ці не гэтая самая здзіўленасць ляжыць у аснове любой паэзіі — бачыць паэтычнае, незвычайнае ў самым, здавалася б, звычайным, непаэтычным:

A госці танцавалі, танцавалі, танцавалі. I іскрыўся лямпамі Ультраграмафон. I толькі адна Пласцінка, Лямантуючы У рытме там       та            ма, Самотнай была. Яна Пакутавала Галавакружэннем.

Для гэтага верша Валерыя Маслюка характэрны яркі вядучы вобраз, які з'явіўся на нечаканым асэнсаванні звычайнага, нецікавага для нас самога на сабе дзеяння — кружэння грампласцінкі. У большасці сваіх вершаў, звычайна верлібраў, слаба рытмізаваных, але заўсёды адметных менавіта навізной паэтычнай сітуацыі, Валерый Маслюк выкарыстоўвае прыём адухаўлення, нават «ачалавечвання» ў нейкай ступені, нежывых прадметаў навакольнай рэчаіснасці (таксама пераважна гарадской). Таму яго вобразы больш уражлівыя, абаяльна-мяккія, чалавечныя, але i больш простыл, нешматпланавыя ў параўнанні з рэчыўна-рэчавымі вобразамі Адама Глобуса i Галіны Булыка, якім гэты прыём характэрны ў меншай ступені. Вершы Валерыя Маслюка лягчэй «вытлумачыць», разабраць на кавалачкі, знайсці галоўны (ён жа часам i адзіны) вобраз, не рызыкуючы пры гэтым зламаць структуру верша, якая вельмі хісткая, няшчыльная ў параўнанні з структурай думкі, што легла у яго аснову. Мы літаральна адчуваем галавакружэнне пласцінкі, гэты боль таму такі ўспрымальны i зразумелы, што ён — безвыходны, вечны, наканаваны: быць створанай для таго, ад чаго пакутуеш, што ненавідзіш. Гэта боль гвалтоўнага дзеяння, боль незразумеласці i марнасці «не твайго» існавання, гэта не пласцінкавы боль.