Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 25

Сяргей Кавалёў

Валерый Маслюк моцны як паэт ва ўспрыманні, у нечаканасці адчування рэальнага сусвету (у якой бы сферы мастацтва ён ні працаваў).

Галіна Булыка, наадварот, вылучаецца ў стварэнні новага мастацкага свету, у майстэрстве «выканання» верша, пачынаючы ад першага да апошняга яго радка, калі на пярэдні план выходзіць не адметнасць, паэтычнасць думкі, а адметнасць, паэтычнасць яе ўвасаблення:

Паўзе па бруку цішыня I разбіваецца аб крокі. Кладзецца снег на пляц шырокі, Каб крылы зноў вясной узняць. Шум выпадкова забрыдзе, Такі нязначны i далёкі У Верхнім горадзе, Дзе вокны, Нібыта вочы тых людзей, Што тут шылі. Цябе сустрэне Цвік рэха, ўбіты ў цішыню, I водбліск даўняга агню, I век чужы паўзмрочным ценем.

Па-іншаму паглядзець на рэчы i рэчаіснасць, убачыць ix у новым, мастацкім ракурсе — у гэтым i ёсць адзін з сакрэтаў творчасці ўвогуле: адчуць у самым, здавалася б, непаэтычным, далёкім ад сферы ўздзеяння традыцыйных эстэтычных канонаў паэтычны вобраз, думку, істотную сувязь з чалавекам.

Я зразумеў, што ён плача! (Дзіўна! — асфальт i слёзы!) Адчуўшы руку маю на шчацэ, Ён прашаптаў вінавата: — Пада мной — Няміга! Ды што там — Няміга! Падай мной — Гісторыя!.. А вы ўсё нагамі, нагамі...

В. Маслюк, «Я зразумеў, што ён плача...»

Немагчыма адлюстраваць жыццё чалавека ў горадзе, не адлюстраваўшы жыццё горада, яго рэаліі, законы, супярэчлівасці, не ведаючы яго гісторыі, не адчуваючы сучаснасці, не ўяўляючы будучыні.

У мастацкім асваенні гарадской рэчаіснасці i рэчаіснасці ўвогуле А. Глобус, Г. Булыка, В. Маслюк шмат увагі акцэнтуюць на адлюстраванні свету рэчаў, свету маленькіх люстэрак, дзе выяўляюцца сутнасныя адценні чалавека. Акцэнтуюць, думаецца, зусім не маючы на мэце ўзводзіць спосаб характарыстыкі «праз рэчы» ў абсалют, даводзіць яго да ступені «шазізму». Бясспрэчна, гэта толькі адзін ca шматлікіх спосабаў пазнання мастацтвам чалавека i сусвету, i ён павінен поўнасцю адпавядаць агульным законам мастацтва. Але тое, што ён вельмі дзейсны i выніковы на службе ў сапраўднага майстра слова, — несумненна, i ў гэтым бліскуча пераканаў нас Аркадзь Куляшоў у пачатку «Сцяга брыгады» i ў «Прыгодах цымбал».

Ды ці толькі Аркадзь Куляшоў? Варта ўспомніць хаця б верш Анатоля Вярцінскага «Рэчы» («Нас акружаюць нашы рэчы...»), іншыя яго вершы, такія, як «Дынамік», «Ода квітанцыі», «Дзякуй тэрмас», «Туга метэарыта», i г. д.

Дарэчы, урбаністычныя матывы ў беларускай паэзіі ўпершыню з'явіліся, зразумела, не ў маладых паэтаў 80-х. Свой пачатак урбаністычныя матывы бяруць з цыклаў М. Багдановіча «Места» i У. Жылкі «Вершы аб Вільні». Невыпадкова эпіграфам да сваёй нізкі Багдановіч узяў двухрадкоўе Валерыя Брусава: «Ты — чарователь неустанный, ты — не слабеющий магнит». З усіх рускіх паэтаў гарадскія матывы займалі ў творчасці Брусава ці не самае найбольшае месца. У сваю чаргу на рускага паэта паўплывала французкамоўная лірыка, асабліва творы Э. Верхарна, якога той жа Брусаў бліскуча перакладаў i прапагандаваў у Расіі. У тым, што Багдановіч арыентаваўся акрамя ўласнага таленту ў стварэнні першай у беларускай паэзіі урбаністычнай нізкі на творчасць Верхарна i Брусава, — няма ніякіх сумненняў. У дзевяці вершах ён здолеў адлюстраваць не толькі характэрны знешні воблік горада, але i дакрануцца, наколькі гэта было магчыма, да філасофскіх i псіхалагічных калізій жыцця яго жыхароў. Багдановіч акрэсліў той новы вобразна-лексічны рад, без якога ўжо немагчыма абысціся яго наступнікам: вулка, каменне, ліхтарні, цыферблат гадзінніка на вежы, вітрыны, рэкламы, бульвар, асфальт, натоўп, тэлеграф, газета, агні вакзала, паравоз, семафор i іншыя «горада чароўныя прынады». Цікава, што вобраз горада ў вершах Багдановіча наўмысна абагульнены, без падкрэслівання канкрэтных рэалій i прыкмет Вільні, хаця відарыс жыцця горада i малюецца з віленскіх вулак i пляцаў, a адзін з вершаў так i называецца «У Вільні».