Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 26

Сяргей Кавалёў

«Вершы аб Вільні» Уладзіміра Шылкі значна адрозніваюцца ад твораў гарадской тэмы Багдановіча, i не толькі тым, што вершы двух таленавітых паэтаў заўсёды адрозніваюцца паміж сабой. У дадзеным выпадку відавочна адрозніваецца сам падыход творцаў да выяўлення «віленскіх матываў», адрозніваюцца мэты i задачы, якія яны перад сабой ставілі (што адлюстравана i ў назвах).

У. Жылка пісаў не пра «места» ўвогуле, а канкрэтна пра Вільню, узгадваючы i празрыстую раку Віллю, i гатычны касцёл святой Ганны, царкву ў візантыйскім стылі ля вады, трохкрыжавую гару, Бернардынскі сад. Чароўныя прынады горада знайшлі сабе месца i ў яго вершах:

Вялікай вуліцы экзотыка, Тэатры, кіно, шпіталі: I маліцвенна ўзносіць готыка Да неба тонкія шпілі...

Але не урбаністычныя прыкметы горада цікавяць паэта, a гістарычны лёс Вільні, «крывіцкай Мэккі», тое цэнтральнае месца, якое займаў гэты горад у станаўленні дзяржаўнасці i культуры беларусаў. Менавіта таму У. Шылка звяртаецца да гэтай тэмы ў час, «калі сябры нас гудзяць згубаю» i «ворагі прарочаць скон». У жыцці беларусаў Вільні належыць не проста асабліва-вялікае месца, а нейкае магічнае, на думку паэта — фатальна прадвызначанае месца душы ўсіх беларускіх земляў. Адсюль ужо не выпадковым бачыцца ўвядзенне ў верш «О, Вільня, крывіцкая Мэкка!...» матываў Карана: мінарэты, Кааба, Медыны, месяц Рамадана, Мэкка, Бог, прарок, адсюль мінуласць прагне будучыні, i наканавана-прароча, шматзначна чытаюцца радкі:

Плыве па вулках пыха панская, Распуста, блуднасць i мана; I ярасць шорсткая, паганская Бліскае ў вочах літвіна. (...) А там, па-над мурамі даўнімі, Дзе места ўсенькае відно, Руіна думамі дзяржаўнымі Гадае там: чыё яно?..

Наступныя трыццаць гадоў не прынеслі беларускай паэзіі ў распрацоўцы тэмы горада ніякага плёну, азначаная Багдановічам i Жылкам традыцыя перарываецца, як i некаторыя іншыя традыцыі пачатку стагоддзя i 20-х гадоў.