Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 23

Сяргей Кавалёў

Вершы Адама Глобуса вылучаюцца найперш сваёй знешняй спрошчанасцю i ўнутранай складанасцю і, такім чынам, — спрыяльнасцю для ўспрымання i непрыдатнасцю для тлумачэння. Яны ўтвораны з вельмі простых, часам наўмысна прымітыўных элементаў, якія, аднак, амаль немагчыма з сэнсам выбраць з агульнай структуры, надзвычай шчыльнай у імкненні да геаметрычнай выверанасці.

Уся паэзія ўвогуле — гэта так ці інакш выказванне думак i пачуццяў. Але можна апісваць менавіта самі думкі i пачуцці ў ix гатовым выглядзе, рызыкуючы быць недакладным у выказванні i страціць частку сэнсу, а можна «ствараць» сітуацыі, з'явы, рэчы, якія гэтыя думкі i пачуцці выклікаюць, на ix ускласці ўвесь сэнсавы цяжар, рызыкуючы ўжо застацца незразуметым i непрынятым. У паэзіі гэтыя два спосабы выяўлення існуюць раўнапраўна побач, паэт схільны альбо да аднаго, альбо да другога, a знаходзіцца звычайна недзе паміж імі.

Адам Глобус — прыхільнік другога спосабу, які патрабуе вялікай дакладнасці малюнку, выверанасці прадмета ў часе i прасторы. Прычым дакладнасць i выверанасць могуць быць i суб'ектыўна геаметрычнымі. Паэт імкнецца размаўляць з чытачом менавіта мовай фарбаў, гукаў, пахаў, рэчаў i рэчываў; мовай ліній, аб'ёмаў, фігур, асабліва заўважна гэта ў вершах «Рэзананс», «Белдзяржрэклама», «Нож», «Агонь», «Конік».

Дзьмуў вецер Цёплы, шчыльны, цёмны, Будоўлі пляц У змрок хаваў. Каркас з бетону Месяц вольны У чорных бэльках Затрымаў. Ссінела, Згусла наваколле, Ліхтар самотны Сум гайдаў. З сцяблоў травы Сухіх i тонкіх Упаў на камень Сонны конік.

«Конiк»

У гэтым, напрыклад, вершы. дакладнасць пабудовы, дакладнасць малюнку i адчування прыводзяць да эфекту гукаў, якія спадарожнічаюць прадметам i дзеянням, хаця пра ix, гукі, не ўпамінаецца. Асабліва выразны гук упаўшага на камень коніка, гэты гук быццам утварае семнаццаты, неіснуючы радок шаснаццацірадкоўя.

Адсутнасць відавочных пачуццяў, вобраза чалавека, правільнасць i вылічанасць у некаторых вершах паэта часта прыводзяць да нейкай халоднасці i жорсткасці (уплыў горада?), асабліва заўважнай на фоне ўсёй маладой беларускай паэзіі. I не заўсёды гэтая халоднасць, жорсткасць мастацкі абгрунтавана. Але Адам Глобус — паэт шматгранны, таму пры агульным для ўсіх вершаў індывідуальным почырку яны ўсё ж вельмі розныя: трапляюцца філасофскія вершы, вершы пра каханне (блізкія пакуль яшчэ да барадулінскіх перакладаў Гарсія Лоркі), вершы, дзе на першы план выходзіць пачуццё. Верш «Рэгіна» — адзін з самых абаяльных, па-чалавечы добрых ва усёй маладой беларускай паэзіі, Надоўга застанецца ў памяці i невялічкі верш «Жонка».

У сне сустракаеш другога, A ўдзень ты не помніш яго. Мяцеш i шаруеш падлогу, Чакаючы мужа свайго. Крухмаліш, прасуеш кашулі, Дзіцяці гатуеш абед, Намыўшы да бляску каструлі, Вось так i трымаецца свет.