Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 22

Сяргей Кавалёў

Toe ж самае можна сказаць i пра паэзію. Але тут выявіцца малюнак яўна нераўназначны, даволі адмысловы i спецыфічны. I перш за ўсё таму, што урбаністычныя матывы як пастаянная, невыпадковая з'ява, характэрная ў 80-я гады для творчасці толькі некалькіх маладых паэтаў: Адама Глобуса, Валерыя Маслюка, Галіны Булыка.

З'яўляліся, безумоўна, вершы пра горад i ў іншых паэтаў (у кожнага аўтара ёсць, відаць, два-тры такія вершы), але не кожны з вершаў, у якіх так ці інакш упамінаюцца гарадскія рэаліі, можна назваць урбаністычным творам, таму i па колькасці i па якасці з'яўленне не акрэслілася ў з'яву ўстойлівую i свядома вызначаную. Дададзім яшчэ, што ў большасці такіх вершаў горад «далучаўся» толькі ў якасці жорсткага i чэрствага антыпода вёскі.

Слушна адзначалася, што «тэма горада» — паняцце ўмоўнае i разам з тым даволі аб'ёмнае, Таму пра вершы А. Глобуса, В. Маслюка, Г. Булыка нельга сказаць, што яны поўнасцю ахопліваюць, адлюстроўваюць «тэму», як i наадварот — нельга характарызаваць, абмяжоўваць ix толькі азначэннем «гарадскія», хаця ўзаемаўплыў, узаемадзеянне горада (як тэмы, светаадчування, мастацкага матэрыялу) i паэзіі гэтых аўтараў пры ўсёй ix рознасці—відавочны, пра што б яны ні пісалі.

Пры ўсёй непадобнасці, а шмат у чым i супрацьлегласці творчых манер А. Глобуса, В. Маслюка, Г. Булыка паэты гэтыя вельмі блізкія ў стаўленні да акаляючай ix гарадской рэчаіснасці: у ix творчасці яна не ўспрымаецца як нешта варожае, небяспечнае для чалавека i паэзіі, але — як аснова таго паэтычнага свету, у якім жывуць ix звычайныя i незвычайныя лірычныя героі.

Прываблівае, што гэта не ўмоўны паэтычна-ўзнёслы i невядома дзе існуючы свет для літаратурных вопытаў, a паўсядзённае, супярэчлівае жыццё чалавекагараджаніна, i сам горад як месца гэтага яшцця i фактар уздзеяння. Бо ёсць у слова «паэтычнасць» яшчэ адно значэнне, негатыўнае: нерэальнасць, залішнеўзнёсласць. Калі чытаеш многія зборнікі паэзіі, заўважаеш, што лірычны герой ix занадта паэтычны. Здаецца, усё, чым займаецца ён у жыцці, зводзіцца да кахання i да роздуму пра высокія пачуцці да радзімы i ўсяго чалавецтва, вакол сябе герой бачыць у лепшым выпадку маляўнічую прыроду. Так вось i існуе: без жытла, без працы, без акаляючых рэчаў i, калі побач няма жанчыны, думае сабе пра высокія матэрыі, думае з ранку да вечара, а то i ўвогуле без перапынку, бо раніца, вечар, ноч для яго істотныя толькі як змены ў прыродзе. Гэта характэрна часам для зборнікаў не толькі слабых паэтаў i таму само па сабе, вядома, паэзію не перакрэслівае, але ўсё ж вельмі прыемна нават пасля чытання «паэтычна-высокіх» вершаў любімых сваіх паэтаў сустрэць творы, падобныя «просценькаму» вершу «19.30 — «Калыханка» Адама Глобуса:

Над мікрараёнам лунаў Напеў электронна-дрогкі; Лавілі антэнныя рогі Другі беларускі канал; Экранная калыханка Плыла ў папяровым лесе; Мігцеў пластылінавы месяц, Прабіты тэлемаланкай.