Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 21

Сяргей Кавалёў

АСФАЛЬТ I СЛЁЗЫ

Звярнуў калісь Пегас на вулкі З прывольных, палявых дарог,— I пракаціўся топат гулкі I іскры сыпнулі з-пад ног.

М. Багдановіч

Зусім заканамерна, што гаворка пра гарадскую тэму ў літаратуры калі i вялася дасюль, дык у асноўным на матэрыяле гарадской прозы. Пры ўсіх пярэчаннях проза ў наш час — галоўны род літаратуры, ва ўсякім разе паводле чытэльнасці; пры ўсіх пярэчаннях шэраг празаічных твораў мы ўмоўна азначаем як «гарадская проза», шэраг, адпаведна,—як «вясковая». У паэзіі такіх азначэнняў ніколі не існавала нават умоўна з прычыны большай яе абстрагаванасці i універсальнасці (калісьці ўразіў максімалізм Віктара Шклоўскага, які напісаў пра радок Лермантава «Непроходимых дум собор»: «Весь Достоевский вмещается в эту строку!»).

У беларускай паэзіі перад беларускай прозай ёсць, праўда, адна вялікая перавага ў адлюстраванні гарадскога жыцця: у адносінах мовы. Паэзія рэдка карыстаецца дыялогамі, ды i нешматлікія дыялогі гэтыя — паэтычныя. Прозе сапраўды цяжэй. I калі разумець рэалізм, напрыклад, i ў моўным аспекце, дык беларуская «гарадская» проза—не «рэалістычная». Бо кал! б яна такога рэалізму прытрымлівалася, з'яўляліся б жахлівыя творы з такімі, магчыма, сцэнкамі:

«Вось вечар, адзінокі i самотны, як закаханы манах, ахутаў сваёй шэрай сутанай горад. Глеб i Алена моўчкі сядзелі ля вакна i ўзіраліся ў цёмныя бязгучныя вулкі ўскраіны, pyx на якіх, здавалася, заціх i спыніўся назаўсёды.

— Вот и вечер. Ни звука, ни шороха, как в деревне. Даже автобусы исчезли. Хоть бы уже дождь пошел, что ли, — не вытрымаў нарэшце Глеб i зірнуў на Алену.

Яна не адгукнулася на яго бязважкія словы, i толькi дождж ахвотна забарабаніў сваімі незлічонымі пальцамі па слізкім шкле».

Сумныя, аднак, жарты...

Але калі вядзецца размова пра нейкую праблему, задачу ў літаратуры, то сама наяўнасць размовы — ужо сведчанне таго, што гэтая задача, праблема пачалі вырашацца, азначыўся зрух, i гаворка — толькі адлюстраванне, водгук тых глыбінных змен i працэсаў, якія адбываюцца ў самой літаратуры. Калі мы пішам пра гістарычную памяць, экалагічныя праблемы, праблему ўзаемадзеяння горада i вёскі i г. д., мы звяртаемся найперш да «Знаку бяды» В. Быкава, «Нерушу» В. Казько, «Палявання на апошняга жураўля» А. Жука, «Доказу ад процілеглага» В. Гігевіча, «Сачынення на вольную тэму» А. Кудраўца. Усе гэтыя творы ўзніклі ў 80-я гады, зусім нядаўна, i звяртаемся мы да ix не толькі таму, што ў гаворцы пра сучаснасць i сучасную літаратуру нам патрэбны сучасныя ж прыклады для сваіх «лагічных пабудоў», a i таму, што з'яўленне ў апошнія гады гэтых твораў—яркае сведчанне тых працэсаў, тэндэнцый, якія зараз адбываюцца i ў сучасным грамадстве, i ў сучаснай літаратуры.