Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 20

Сяргей Кавалёў

У нашу паэзію акрамя сапраўдных паэтычных талентаў i яўных альбо прыхаваных графаманаў, акрамя талентаў празаічных, драматургічных, "крытычных (якія пачынаюць звычайна з паэзіі) усё больш прыходзіць юнакоў, якія захавалі ў сабе нейкім чынам любоў да нацыянальнай культуры i мовы альбо палюбілі яе пад уздзеяннем твораў Уладзіміра Караткевіча. Заканамерна, што любоў да Бацькаўшчыны, да гісторыі i будучыні роднага краю выяўляецца перш за ўсё ў паэзіі. I калі нікога не здзіўляе, што на беларускай мове паўсюдна размаўляюць амаль толькі адны пісьменнікі, чаму кагосьці дзівіць, што амаль усе, хто гаворыць па-беларуску, — па-беларуску пiшуць?

I ўсё ж павелічэнне колькасці маладых аўтараў, пры ранейшых рэдакцыйна-выдавецкіх магчымасцях i пэўным змяншэнні чытацкай аўдыторыі, уяўляецца не галоўнай праблемай маладой паэзіі. Куды больш непакоіць падабенства i сярэднеўзроўневая невыразнасць твораў большасці маладых i пачынаючых аўтараў, усеагульнае пакланенне i падчыненне паэтычным канонам, нешматлікім нацыянальным стэрэатыпам, наследаванне нейкай агульнай традыцыі (кім? чыёй?) i невыразнасць альбо пэўная адсутнасць традыцый канкрэтных, на ўзроўні паэтычнай школы i блізкасці творчых манер. Мы ж па-ранейшаму не адрозніваем, па сутнасці, паэтычную традыцыю ад традыцыі духоўнай, i ў тым значэнні, у якім маладых паэтаў заклікаюць вучыцца ў Купалы, Коласа, Багдановіча, можна прапанаваць ім вучыцца ў Васіля Цяпінскага альбо Сяргея Палуяна. З усёй беларускай паэзіі, як ні дзіўна, толькі ў вершах Уладзіміра Жылкі знойдзем мы далейшае развіццё мастацкіх прынцыпаў Максіма Багдановіча, a ў сучаснай паэзіі ix уплыў адчуваецца хіба што ў кнізе Алега Мінкіна «Сурма».

Ёсць у маладых аўтараў адна цудоўная рыса: яны дазваляюць сябе крытыкаваць. A калі дакладней — дазваляюць крытыкаваць ix, што спрыяе творчаму самаўдасканаленню i хоць нейкаму адчуванню сваіх недахопаў i сапраўдных, рэальных магчымасцей. I ўсё ж падуладнасці крытычнаму ўздзеянню зусім недастаткова для нармальнай творчай вучобы. Маецца на ўвазе менавіта творчая вучоба i адзіная, па сутнасці, нармальная праява яе — штогадовы семінар маладых пісьменнікаў, але i ён мае больш ацэначна-канстатацыйны характар.

Практычна-дзейснае выхаваўчае ўздзеянне на маладых аўтараў аказваюць у сваёй нялёгкай паўсядзённай працы літсупрацоўнікі газет i часопісаў (пазней — рэдактары выдавецтваў), яны ж i шмат у чым фарміруюць густ i кірунак развіцця пачынаючага пісьменніка: друкуюць адзін верш i не друкуюць другі, знаходзяць канкрэтныя пралікі альбо абыходзяцца агульным непрыманнем пэўнага стылю. Дай бог, каб гэтае ўздзеянне прыносіла толькі карысць i не фарміравала імкненне да гладкапісу, да творчага прыстасаванства, да спасціжэння вышэй упамянёных канонаў i стэрэатыпаў, дзеля найкарацейшага i найхутчэйшага шляху ў друк, а затым i яшчэ далей...

I яшчэ колькі слоў на заключэнне. Маладая беларуская паэзія занадта самаізаляваная i амаль не ўзаемадзейнічае з паэзіяй гэтага ўзросту іншых рэспублік, з паэзіяй сацыялістычных краін. Такая самаабмежаванасць толькі шкодзіць, не дазваляе паглядзець на сябе збоку, іншымі вачыма, пашырыць свае ўяўленні i магчымасці, стрымлівае развіццё паэтычнай мовы. Паэтычныя пераклады, аглядна-азнакамляльныя i праблемна-тэарэтычныя артыкулы, спрэчкі i дыялогі — усё гэта пойдзе толькі на карысць нашай шматнацыянальнай i шматмоўнай літаратуры.