Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 19

Сяргей Кавалёў

Цяжка, канечне, уявіць у архівах — турыста, ды яшчэ замежнага, які бачыць, прытым у каліне, чырвань помнікаў (для гэтага трэба нарадзіцца на гэтай зямлі); вывучэнне роднага краю па песнях — адзін з лепшых шляхоў да разумення душы народа, хаця i не адзіны, паэтэса ж, блаславёная радзімай, злучнікам «а» супрацьпаставіла сябе i архівам, i музеям, i нарачанскім азёрам, i ўсяму астатняму: менавіта так атрымоўваецца, калі верыць логіцы верша «Беларусь».

Агульны малюнак развіцця маладой беларускай паэзіі досыць супярэчлівы, тоіць у сабе нямала супрацьлеглых з'яў i працэсаў, складаецца з паэтычных індывідуальнасцей рознага ўзроўню, розных патэнцыяльных магчымасцей, якія не аднолькава выявілі свае здольнасці i не аднолькава знаёмыя чытачу.

Некалькі гадоў назад у літаратурнай дыскусіі на старонках «ЛіМа» выказваліся думкі пра недастатковы ўзровень развіцця маладой паэзіі. Шмат каму такія меркаванні здаліся неаб'ектыўнымі, памылковымі; магчыма, шмат хто i меў рацыю, выказваючыся больш аптымістычна. Але зараз, калі ўспамінаеш тую спрэчку, са здзіўленнем адзначаеш, што ў час дыскусіі не было яшчэ першых кніг Л. Галубовіча, Л. ДранькоМайсюка, А. Сыса, А. Пісьмянкова, В. Шніпа, А. Канапелькі, А. Глобуса, I. Багдановіч, А. Мінкіна, Г. Булыка, ды i друкаваліся гэтыя аўтары тады значна радзей. А зараз менавіта з ix творчасцю звязана пакуль што большасць таго цікавага i адметнага, што прынесла i прыносіць маладая паэзія ў беларускую літаратуру. Таму, калі ўлічыць гэткую метамарфозу апошніх гадоў, можна сказаць, што маладая беларуская паэзія ў цэлым прагрэсіруе, відавочна развіваецца i ў колькасным, i ў якасным напрамку.

Але, зноў жа, толькі — у цэлым, i калі павышэнне якаснага ўзроўню, зразумела, не выклікае ніякіх праблем, то прыкметнае павелічэнне колькасці маладых аўтараў стварае відавочныя праблемы перад выдавецтвамі i рэдакцыямі, тым больш, што чытацкая цікавасць да нашай паэзіі падае, i падае не толькі па віне кнігагандлю i саміх паэтаў. Так, калі ў 20-х гадах кожны пісьменны юнак ведаў на памяць дзесяткі вершаў Міхася Чарота i Паўлюка Труса, то зараз цяжка знайсці выпускніка сярэдняй школы, які б помніў тры-чатыры беларускія вершы са школьнай праграмы альбо хаця б чуў пра таго ж Міхася Чарота.

Мы радуемся з'яўленню мноства новых імёнаў у рубрыках «Упершыню ў нумары», «Паэтычны дэбют» i г. д. i не задумваемся, як потым гэтыя аўтары будуць друкавацца без рубрык.

Канечне, вельмі проста параіць больш выдаваць добрых паэтаў i менш—дрэнных. Але на чый густ — добрых, на чыю ацэнку—дрэнных? Усё проста, калі перад намі — стопрацэнтны графаман i бездапаможнасць яго твораў — відавочная. A калі ён — трыццаці-працэнтны, а на паліцах кнігарняў пыляцца дзесяткі зборнікаў пісьменнікаў куды ніжэйшага ўзроўню?