Читать «Поўны келіх» онлайн - страница 10

Ніна Мацяш

ЗАВЯЛІКАЯ Як Самота з госцяй Радасцю развітвалася, Дык усё яе пыталася, дапытвалася: — Што ж ты, мілая, так мала пагасціла? Пэўна, нечым я табе не дагадзіла. Мо няўдалай гаспадыняю была я? Мо табе мая святліца замалая? Пакланілася ёй Радасць і сказала: — Ах, тваёй мне ласкі шчырае хапала. Ты прабач, што пабыла як для прыліку я. Не малая твая хата. Завялікая. ПАСЯРОДКУ РЭХА Прыдалася, Прыдалася ў маёй долі Твая песня: Гэта з ёй — Такой кароткаю — Сама сабой была я. Сёння рэха, Толькі рэха тое песні засталося. І не моўкне. Як замрэ — Азначыць: Навучылася я ўласнае рыданне Браць за горла. ТРЫПУТНІК Згубіліся ў натоўпе. Час, гэты Пастух усюдыісны, Па неўгаданай прыхамаці звёў нас На міг, Каб вочы ў вочы, — І з гэткаю ж бесцырымоннасцю напомніў Пра нашы накірункі і дарогі, Несупадальныя, як нашых пальцаў Адбіткі. Павечна кожны з нас у загародцы Уласных абавязкаў і правоў. Прыкладваем да сінякоў, да ран Гаючы Трыпутнік той сустрэчы. УЖО НЕ РАССТАЦЦА Нам ужо не расстацца. І табе без мяне па жыцці не ісці, Як і мне без цябе — Ні наплакацца, ні наспявацца. Нам, не злучаным, Вечнай прысутнасцю нашай трымацца. Так рука адарваная ные, смыліць. І захочам забыць, А не зможам без болю астацца. Нам ужо не расстацца. ПЯТЫ СЕЗОН На камянях, што жывяць нашы сцежкі, Зазелянее шчырая трава. Чым болып пакут, тым болей сіл трываць. Настаў сезон аддаленай усмешкі. Па злівах, бурах з перунамі, з ветрам Мой дзіўны сад так повен злагады! І ледзь гарчаць дзівосныя плады Гаркотаю суцішанай і светлай... *** Я цябе ніколі не забуду. Не таму, што шчэ сустрэчы будуць, Што адзін пагляд і слоўка ў стане Замасціць бяздонне развітання. Я цябе ніколі не забуду. Не таму, што шчэ ўспаміны будуць, Што аднюсенькая згадка ў стане Заімасціць бяздонне разітання. Я цябе ніколі не забуду. Бо да скону прагнуць шчасця буду. Бо да скону будзем мы не ў стане Замасціць бяздонне развітання. ЦІ СКАЖУ Ці скажу, што жыццё — не ўдалося, Што была неспагаднаю доля, Бо ўплятала куколь у калоссе, Град і засуху слала на поле? Як бы склаўся мой лёс, каб не знала То празрыстай, то душнай маркоты Па ўсяму, што мяне абмінала, Што не прыйдзе ні заўтра, ні потым? Нагабаная ў жыце падкова Вінавата паблісквае ў хаце: Ля чужога агню выпадковай Грэцца ласкай чужога дзіцяці... Быць залежнай ад поўні й завеі, Ад чужога маршруту і руху Быць залежнай, і помніць, і верыць, Што я — голас іх радасці й скрухі. Голас тых, што здалеюць знямогу (Мне ўдавалася ў болю не ўпасці). Голас тых, чыя ў сонцы дарога (Выпадала мне зведаць і шчасце). Узыходзіць, як каліва, слова. Не згубіцца яму ў шматгалоссі. Ці скажу, што жыццё — не ўдалося?