Читать «Поўны келіх» онлайн - страница 13

Ніна Мацяш

*** «Па снезе, па слаце — Пагода расцвіце, Заграе сінява, — Прашу не сумаваць!» ...Зноў з берагоў рака, Зноў радасць жаўрука, Зноў сонейкам падбел У вочы мне й табе. І промні па слаце, І сум, як сад, цвіце!.. *** ...Успрымаць як цуд, што я жыву, Чую галасы бацькоў і руні; Са здзіўленнем дзён маіх дратву Пазнаваць у расспяваных струнах; Дзівавацца каменю й лістку, Дзівавацца кораню й дажджынцы; Зноў адчуць, што я на валаску Над прадоннем спеленых дажынкаў; Ведаць пэўна, што рука твая Мне не дасць аб камяні разбіцца. Як магло са мной такое збыцца?! Дзівавацца гэтаму ўдвая... *** Забрыў высокі дзень пагодны У светлы одум верасковы... Табе я стала неабходнай. А ці зраблюся дастатковай?.. Дзень павуцінку шчасця ловіць, І шчасце вырвацца не смее. Як ружы, кідаеіп мне словы. А сам ты іх — ці разумееш?.. Навошта я... Хай потым, потым, Пазней прыдасца гэты одум!.. Твая вясенняя пяшчота... Мая асенняя пагода... *** Я думаю пра мой найлепшы дзень. Узыдзе ён, Як келіх макавы, Вясёлкава зайграе Насычанымі гранямі сваімі. Як летні ясень, спраўджаны лістотай, Як поле жыта з васільком у вуенах, Нібы калодзеж з зоркаю на дне, Знутры свяціцца неўгасальна будзе Мой дзень найлепшы, Крышталёвы келіх, Ушчэрць наліты мірам на Зямлі. Найлепшы дзень мой! Мой блакітны птах. Зялёны промень сонца пры заходзе. Саргасавае мора ў акіяне. Якая згода явы й летуцення, Здзяйснення й помыслу, Натхнення й плёну! Як пахам яблык, Як азонам вецер, Як полымем касцёр, Увесь працяты Маёй любоўю І маім каханнем. О, дзень мой дасканалы!..