Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 92

Ніна Мацяш

НЕЎНІКНЁНАСЦЬ Няпэўны час, Няпэўная душа. Зацемраных людзей нясцерпна шкода... Святое Слова, што было спярша, Не як Любоў у іх, А як выгода. Знішчае брата ўладалюбны брат, Сястра зняслаўліваецца сястрою, Пыхлівай самасці барвовы чад Зацьміў усе іх зоркі над зямлёю. Але яны гараць, яны гараць, Не сцерці іх з касмічнае разлогі! Святло іх прыме — змушана прыняць!— У мілажалю ўскрэслы люд убогі! I чыстым сэрцам ясна ўбачыць ён Сябе гаспадаром ва ўласным доме, I ў муках знойдзецца і сэнс, і плён, I ўжо на збыткі не аддасца доля. 1992 МАЛІТВА ЗА ЎСІХ О, каб далося і мне Стацца для вас травою, Той травой, Што на горка-зняможлівай, Сцюдзенай вярсце Рызыкоўна праточваецца Праз кару буралісту, Цвіце Ацаляльнаю барваю Зеляною. О, каб далося і вам Стацца нямарнай надзеяй, Што, як бы ні мэнчыў усіх Злыбедны турботаварот, Вы будзеце помнІць, што вы ~ БЕЛАРУСКІ НАРОД Жывы на нябёсах, Які і на прахлай зямлі Не згібее. Усемагутныя Сілы Ўсявышнія! Вамі трыманая і прасвятляная, Сёння за ўсіх малю: Уздольніце нас, Коснаязыкіх і запамарочаных, Прамаўляць ачышчальнае і найлучлівейшае: "Люблю! ВЯЧОРНАЯ МАЛІТВА Даруй мне, Госпадзе, мой цяжкі грэх: Сягоння я з сабой не саўладала, Не ўтаймавала каламуты шалу, Нянавісці да чалавека З мазгамі хворымі. Даруй мне, Божа: Упершыню ў жыцці аж так варожа Смяротны выдыхнуўся мной праклён... Я помню запавет: "Не асудзі". Я ведаю: Табой судзіма буду, — Няхай жа воля здзеецца Твая! - Але даруй, што поскудзь гэту, Юду, Адродка гэтага любіць не здольна я! Калі ён з роднай мацеры, маньяк, Па-сатанінску здзекуецца, дужы, Ірве язык ёй, адцінае вушы, Вымае вочы, гвалціць памяць, — Як, О Госпадзе, як розуму не страціць, Гэта ўсё бачачы, Бяссілы Суняць, ацяміць, здаць дактарам яго?! Хоць лек ніякі ўжо тут не паможа... Даруй мне, Божа, * * * Любоў мая, укрый мяне Хоць позіркам замілаваным: Хай, зноў табой паратаваная, Душа хоць трохі адпачне. Нікчэмны свет, аблудны свет Агідзеў да ванітавання: За ўладу подлае змаганне — I сцяг яго, і запавет. I гінуць праўды светлячкі Пад выштукаваным абцасам, I людзі з цемрай зноў сам-насам, Ужо, здаецца, на вякі... Укрый мяне, любоў мая, Хоць позіркам замілаваным, Каб, зноў табой паратаваная, Жыццё як ёсць прымала я. 1989