Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 90

Ніна Мацяш

Не слова спасут, а их применение.

А. I. Рэрых

Дзіва з дзіў для чалавека: ён часовы, Бюракрат жа несмяротны на пасту! Колькі звону пра размах перабудовы, Колькі лоску на чарговую лухту! Покуль пуста ў кашальках у нас і ў крамах, Покуль чэргі ёсць, і хабары, і блат, Хто дудзіць «вярхам», што выканаў Праграму, Той сумленнаму працаўніку — не брат! Трэба помніць гэта, людзі, трэба помніць, Каб, узняты плёнам нашых мазалёў, Не пасмеў чыноўны хам сабе выкоўваць Панцыр з медалёў! Край і так ужо даведзены да краю Пад маўчанне наша, бы ні да казны Нам, ні нават да таго, за што ўміраюць На чужой чужыне родныя сыны... Мы не падкія да плётак і сенсацый. Працінае ж душы сталіншчыны жах, Каб вучыліся за годнасць мы змагацца, Каб у рабстве не трымаў нас болей страх. Не народ слуга ў чыноўніка, чыноўнік Служка люду паспалітага свайго! Мы забыліся пра гэта і віноўны За трагічны свет усе да аднаго. Трэба ўцяміць гэта, людзі, трэба ўцяміць, Што апошні шанец маем сёння мы, Каб устаць за праўду й стаць гаспадарамі На зямлі без ашукальніцкай чумы. 1988 ТУТ, І ЦЯПЕР Тут, і цяпер няўступна ўнушаецца, што паныласць - нармальны стан чалавека, а прыязная ўсмешка - гэта шчырасць маскі. Тут; і цяпер ваявіта даводзіцца, што хлусня - гэта чыстая праўда, што ж да праўды самой, то яе увогуле не існуе, а, значыцца, няма і хлусні. Тут, і цяпер расхлябенены усе дзверы постраху, каб замкнуліся вусны на пытанні пра духаўздымнае вызваленне, магчымае тут, і цяпер. Покуль ёсць адважнікі, будуць і баязліўцы. Покуль ёсць баязліўцы - будуць адважнікі. Лунае высокае рэха: Яднаймася! Тут, і цяпер! ПЕСНЯ КАСІНЕРАЎ Заходзіць барвовае сонца, Бы наша скіпелая кроў, Пралітая не за чырвонцы — За край без паноў і цароў. Дрыжы, распадлелае панства, Як рэха паўторыць стакроць: Нянавідна вашае лганства, Нясцерпны бізун і аброць! Ёсць воля і ў лютым прыгоне, Мы маем з чаго выбіраць: З'яднацца пад сцягам Пагоні Ці тупа, як быдда, канаць. Дрыжы, распадлелае панства, Як рэха паўторыць стакроць: Нянавідна вашае лганства, Нясцерпны бізун і аброць! Пашчэрблены ў ярасці косы Аб шаблі й штыкі маскаля: Ужо не памрэ безгалоса Пакутніца наша зямля! Дрыжы, распадлелае панства, Як рэха паўторыць стакроць: Нянавідна вашае лганства, Нясцерпны бізун і аброць! Заплача бяроза над намі, Тужліва сасна загудзе, Барвовае сонца на памяць У лёс Беларусі ўпадзе... Дрыжы, распадлелае панства, Як рэха паўторыць стакроць: Нянавідна вашае лганства, Нясцерпны бізун і аброць! 1988