Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн
Ніна Мацяш
Ніна Мацяш
Душою з небам гаварыць
Выбраная лірыка
Падрыхтаванае на падставе: Ніна Мацяш. Душою з небам гаварыць: Выбраная лірыка. — Мн.: Маст. літ., 1999. — 462 с. — (Беларуская паэзія XX стагоддзя).
УДК 882.6-1
ISВN 985-02-0438-9
Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі...
ТРЫ ДУДКІ Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі!.. Падзьмеш у адну — і высахнуць слёзы; У другую падзьмеш — засмяешся знячэўку; Возьмеш трэцюю — пусцішся ў скокі... Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі! Паўжыцця давялося схадзіць, Каб здабыць вас, І цяжка даць веры яшчэ, Што ў руках у мяне вы. Але ў першую дудку таямнічага слова падзьму — Высыхае слязіна; Паднясу другую да вуснаў — і ўсміхацца гатова; А на трэцяй зайграю — смех паклоніцца нізка слязе За спатканае шчасце. 1975 * * * ...Успрымаць як цуд, што я жыву, Чую галасы бацькоў і руні; Са здзіўленнем дзён маіх дратву Пазнаваць у расспяваных струнах; Дзівавацца каменю й лістку, Дзівавацца кораню й дажджынцы; Зноў адчуць, што я на валаску Над прадоннем спеленых дажынкаў; Ведаць пэўна, што рука твая Мне не дасць аб камяні разбіцца. Як магло са мной такое збыцца?! Дзівавацца гэтаму ўдвая... 1978 * * * Вучуся ў дрэў. У ніцае ракіты — Глыбей у глебу весці карані, А у бярозы, восенню акрытай, — Вяртаць лістотай сонца з вышыні. Вучуся ў дрэў. I навучыцца б толькі Пранесці праз усё маё жыццё Бясстрашнае такое ж, як у вольхі Зялёнае і ў лістапад — лісцё. 1972 ЛЮДВІГ ВАН БЕТХОВЕН Ёсць толькі шлях. Адзіна ён не здрадзіць. Няхай жа ён Прамы і шчасны будзе! Шчаслівы — Насуперак бяздоннай беспрытульнасці, Прамы — Насуперак неадназначнасці й сумненню. Ці дзякуючы гэтаму? Ісці за рэхам, . Блізкім і загадкавым, За водгуллем Бяссмертна-жыватворнай музыкі Той роднасці, той годнасці, якімі Жывыя мы, — Каб потым, Не дужа рана I не надта позна, Якраз у час, каб зразумець, адчуць, Што пакрываўленая, Дужая, прыўзнятая Душа Усё ж вярнула, Вярнула людзям ноту іх душы I гэтым далучылася да водгулля I роднасці, і годнасці, якімі Усе жывыя мы: Бо ноту гэтую Праўдзівай Людзі прызналі непаблажліва. Хай будзе шлях Прамы і мужны! 1976 ЦВІТУЦЬ ЛУГІ Калі і як з нябёс вясёлка Упала тут на мурагі? Ды разляцеліся асколкі — Цвітуць лугі, цвітуць лугі! I гэтак хораша на сэрцы, I я сама цвіту, цвіту, I маладую песню вецер Зрывае з вуснаў на хаду. I, можа, там, за сінім гаем, За плынню сонечнай смугі, Я незнарок цябе спаткаю... Цвітуць лугі, цвітуць лугі! 1965