Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 88

Ніна Мацяш

МАНАЛОГ КАМІЛЫ МАРЦІНКЕВІЧ Дзіва што! Канешне, я вар'ятка! Ну, бо як жа — панна, а нашу Простую сялянскую апратку I павагі да яе прашу! Ах, якая сарамота, ах, — Гэта ж проста жах! А яшчэ — ў касцёле, звонка, зычна Пасярод малельнай цішыні Заспявала гімн патрыятычны: «Роўнасць людзям, божа наш, вярні!» Ах, якое святатацтва, ах, — Гэта ж проста жах! А яшчэ — пры лютым пры тэроры Тут, дзе праўда аплыла крывёй, Не хачу сваё затойваць гора — Па братах забітых смутак мой! Ах, якая непрыстойнасць, ах, — Гэта ж проста жах! А яшчэ — гатова без вагання I сама ў шарэнгі тыя стаць, Хто за незалежнае дыханне На цара пасмеў сякеру ўзняць! Ах, ну што ж, як розуму няма — Ёсць і багадзельня, і турма!.. Хай! Скажу адно шчэ на астатку: Я не ўгну, панове, галавы! Зразумее люд сваю вар'ятку: Покуль пратэстуе — ён жывы! 1957 БАЛАДА ПАМЯЦІ Цвіла пяшчотным лёнам неба сінь. Жаданая, чаканая, уладная, Ішла — не ў госці йшла, а назусім Да чалавека Радасць Безаглядная. Ёй бачылася ўжо, як шумна ў дом Увойдзе гаспадыняй раным-раненька. ...Сурова заступіў дарогу дот, Аброслы мёртвым зеллем і крываўнікам. 1975 ГОЛАС ЧАЦВЁРТАЙ Усё гудуць на земным доле, Гудуць пякельныя віры... Хацела аднаго ад долі: Душою з небам гаварыць. ...Ні ў кім, ні ў чым не паўтарыцца. Скіпела ў слёзку — і няма... Такому толькі там забыцца, Дзе памяць знішчана сама. Зноў сад магутна раскашуе На попеле і на крыві. Адно мяне, бярозку тую Чацвёртую — не ажывіць. Калі ад душ кара адстане? Крычы, мой лёс, пячы, шчымі, Каб людзі ў шматмільярдным стане Нарэшце зваліся людзьмі! 1983