Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 87

Ніна Мацяш

МАНАЛОГ КАХАНАЙ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА «...галубка... чарнабровая мая... мая галубка... галубка... чарнабровая мая... мая галубка...» О божухна неміласэрны!.. Костусь!.. Не па свайму мяне абраў ты росту. Не па свайму. Ты дужы. Я слабая. Ты смерць прыняў за ўвесь гаротны люд. А я адно табой была жывая. А мне адзіна ты быў сонцам тут. Цябе няма — і сонца мне пагасла. І не сарваць бязлітаснай пятлі Цяперка з долі і маёй уласнай, Як з долі нашай роднае зямлі. Шторанку б'юць па сэрцы барабаны: Я зноў на плошчы думкамі ў гурбе, Дзе ў кожным новым вязні дацкаваным Кат зноў і зноў, зноў вешае — цябе! Кастусь, Кастусь! Саколе мой адзіны... Паглянь з-пад зорак на Варшаўскі шлях, Як тысячамі гоняць пабрацімаў На катаржную згубу ў кайданах. Ты з імі, ў іх. Для іх ты быў — як з крыцы. Са мною ж ты... «Марыська, заспявай Любімую маю, што пра ўдавіцу...» Цяпер яе галосіць цэлы край!.. «Прывыкайце, чорны вочы, Адны начаваці: Няма майго міленькага, Не з кім размаўляці. Няма майго міленькага, Няма гаспадара, Каму бы я пасцелечку Пухаву паслала...» Я знала: шчасце наша немагчыма, Пакуль лютуе самаўладства гнусь. Тваёй любоўю, верай і айчынай Адна была жанчына — Беларусь. Кастусь, Кастусь! Няўжо не збыцца мроі, Няўжо дарма жывіла люд яна: Каб не ўнямелай наймічкай — сястрою Суседкам стала наша старана?! Каб разам з імі знебыла галечу, Нароўні годна свой вяршыла лёс, Каб ані цар, ні пан не смеў калечыць Душы яе, аслеплае ад слёз. Так прадзірацца праз такія церні, Ускласці столькі жыццяў на алтар Свабоды — і няўжо з такога зерня Не ўскаласуе годнай волі дар?! Гараць, гараць двары, сялібы, вёскі, Паўсюль балюе царскі глум і здзек, Сціскае грудзі пах крыві і воску, I ўжо няўцям, дзе звер, дзе чалавек... «Навярніся, мой міленькі, Да з таварышамі, Калатніце міраедаў, Каб яны не ўсталі!..» Не вернешся. I я ўжо не крануся Твайго крутога, мужнага чала. I ласкаю тваёй не загаруся. Адшчыравала радасці пчала. Не разамкну няшчаднай скрухі кола. Не адбаліць табой душа мая. Не адгучыць ва мне твой сумны голас: «Галубка, чарнабровая мая...» Ён мой навекі — скарб пяшчоты гэтай, Што мне ў суцеху ў смерці вырваў ты. Хай над тваім апошнім запаветам Закаркалі ўжо груганы лухты, — Яшчэ не ўсе так подла, нізка ўпалі, Каб слаць цару халуйства адрасы; Яшчэ не ўсіх так моцна закавалі, Каб зноў не ўзняць сякеры ці касы; Яшчэ твой воблік родны Беларусі. Кастусь, мой Костусь, любы мой Кастусе... 1987