Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 76

Ніна Мацяш

Бо люблю непаўторны свой род...

АЛЕКСА ДОЎБУШ

(Паэма-быль)

Уступ Ноч такая празрыстая, нібы крыніца: Дно — аснежаны луг, сівы лес — берагі. Студзень... Што ж аніяк не адсніцца мне, Паляшучцы, падданай вясны, край другі? Там сцяжынку завуць не сцяжынкан, а плаем, Там з праваллем звянчана крутая гара, Як замова, ляціць з паланіны бяскрайняе Трэмбітанне душы пастуха-віўчара. Там з-пад хмар беркут зоркі цікуе нядрэмна, Каб не ўцёк Чарамош, гнеўны вязень цяснін. Там легендамі ходзяць вякі пад'ярэмныя, Каб паверыць, што ўсё-ткі збываюцца сны. ... Абступілі шашу горы, быццам мядзведзі, — У падпалінах рыжых зялёная поўсць. Несла «Волга» мяне да Карпат у адведзіны, Як сваю, кожны ўзгорак вітаў: «Прошу, госць!» Душы нашы таму й падуладныя чарам Незнаёмых мясцін, незнаёмых людзей, Што ва ўсім дарагое шукаем адчайна мы, Што к далёкаму любасць ад роднага йдзе. Развязала мне свет старана беларусаў, І да скону ужо гэты свет — на дваіх. І не ў крыўду любімай цяпер прызнаюся я Украіне ў найлепшых пачуццях маіх. Калі колы машыны размотвалі вёрсты Перш валынскіх, пасля прыкарпацкіх шляхоў, Я істотаю ўсёй адчувала абвострана Пераплеценасць лёсаў — яе і майго. У Бяроза-Картузскім канцлагеры вязнем Траціў жыцце — за нас — Аляксандр Гаўрылюк. У Айчынную брат мой вясёлы — за нас жа — Лёг заўчасна ў Падольскую дзесьці зямлю. І мой дом на Палессі, і белая хата Украінскай сястры — пад прыцэлам ракет... Кожны дзень наш пад дзікай пагрозаю атамнай, Кожны дзень — бітва Розуму за белы свет. І за свет нашых душ. Не складала ніколі Зброю зло, і ніколі само не складзе. Па сягоння, дзе з боем, а дзе і спакойненька, Ходзяць здрада, насілле, падман між людзей. Прыгажосць, справядлівасць пад вечнай атакай Замаскованай подласці і ілжы. І калі ты не хоч пасабляць і падтакваць ім, Гнюсным сілам нялюдскім, — не стой на мяжы! Толькі там падымаць галаву зло не смее, Дзе не зводзіць вачэй з яго Чалавек. ... Студзень. Ноч. Цішыня, быццам шкло... Я ж, няўмелая, У дваццаты вяду васемнаццаты век. Есць усякія жыцці. Адны вымяраюць Круглым чэкам, кар'ераю сутнасць сваю. А другія, няпраўдай аднойчы параненыя, «Абы ціха...» — галоўным дэвіз прызнаюць. Есць жа гэткія жыцці, што рэкам падобны, Тым, што маюць пачатак, не маюць канца, Што гадамі, стагоддзямі пояць, бяздонныя, Прастака й мудраца. Есць жа гэткія жыцці, што зоркам падобны, Тым, што доўга па смерці праменяць святло. Пра гуцульскага сына Алексу, пра Доўбуша Мой бясхітрасны сказ, што было — не было, — Як Карпаты паведалі мне...