Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 74

Ніна Мацяш

ЛЮДСКАЯ ДОЛЯ Такая ўжо нашая доля — Не ведаць адхлання Ад болю за ўсіх нас, Ад болю I ад спачування. Цягнуць, узваліўшы на плечы, Уласную ношку Пакут і надзей чалавечых, I ўласнай дарожкай Стварыць хоць бы пробліск на выйсце Знямогламу духам, Каб ён, Як пупышка — да лісця, Быў прагны да руху. Каб ён, Нібы завязь — да плода, Між горкага голля Выспельваў людзям пагоду. Такая ў нас доля. 1984 НЕ РУЙНАВАННЕМ

Вырошчваць крыўду —

кепскі сад.

Жывая Этыка

Нявечнай у плоці Чалавечай істоце Звеку прагнецца Утрываліць сябе — Як не дзеткаю, Дык хоць іншаю помнай Кветкаю. Ах, красуйце, Любоў да неба і глебы! Красуйце, Адоранасць ды азоранасць! Шчыравернасць! Падзячлівасць! Пашанаванне! Спагадліва-мудрае Правінаў чужых Дараванне! Хай парасткам крыўдаў Не знойдзецца месца на градзе Ў тым садзе: Надта ж порстка Развінаюцца з іх ядавітыя дрэвы З квеценню гневу I пладамі адпомсты. Аніколі яшчэ аніхто Не меў супакою Пад кронай такою. Аніколі яшчэ аніхто Не патрапіў стацца шчаслівым Там, Дзе непапраўна марнеюць, Задыхаюцца Ў раздражнёна-папомслівым чадзе Пышнатраўе Годных людскіх дачыненняў, Спеўнае птаства Найлепшых намераў, здзяйсненняў. Навечнай у плоці Чалавечай істоце Самаруйнотаю Не абвянчацца З жывадзейнай святлотаю 1993 ПРА ПЕРАМОГУ

"У вачах стынуў боль шчаслівы"...

Тацяна Лапцёнак

Боль гэта - боль. І покуль ім акуты, Як ні бадзёрся, зазнаеш пакуты. І толькі калі час яго мінае, Тады пакутаў іста высвітае. Але не кожны, ой не кожны бачыць Боль як нябёсны знак сябе іначыць. Шырэюць ды глыбеюць скаргі, жалі, Збіваюць з ног брыды ўсялякай хвалі. Мы падаем і стогнем у знямозе, - Але мы ёсць. І мы яшчэ ў дарозе. Дасужы цемры князь, дасужы й дужы, - Але палаюць ранаў нашых ружы, Усё шчыльней сціскаецца аблога, І паратунак - толькі перамога! УГНЯЗДУЙ МЯНЕ Ў СЭРЦЫ

Паку Чжэ Ву, С.Я.Йоффэ

Пілігрыму ад поўдня да поўдня Цераз плыўныя нетры часу Зоўна выбліснуў промень з Усходу: — Я апірка твая: не будзеш Выпускаць мяне з рук у дарозе - Не зняможашся па куп'іску, Па каменні не падаб'ешся. Я - апірка твая. І кладаа: Не сцураешся, не разбурыш - Правяду цябе лёгка, лётка Цераз твань і цераз правалле. Кладка я твая. І апірка. І цяпельца на гострых проймах: І сагрэю я, і разважу, І ў жарынку сэрца зыначу, Калі ў сэрца мяне ўбярэш ты Як святло, як святло Любові Калі ў сэрца мяне ўбярэш ты, Калі мне аднаму слугавацьмеш - Успануеш сам над сабою, Над памрокам і над бядою, Над ступою між зор, пілігрыме. Угняздуй мяне ў сэрцы.