Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 75

Ніна Мацяш

НА ЗМЯРКАННІ Сярнічкай успалымнёнаю успалымнёная свечка гарыць-згарае, сябе ў новую форму пераплаўляе. Што як можа, так дзеі гэтай і спрыяе: жар, і кнот, і свечка самая, і паветра халоднае, што яе атуляе. Была калонаю, сталася гронкаю вінаграднай, што прыляпілася на камлі маёй вечаровай задумнасці саду. Па адной асыпаюцца вінаградзіны, рвуць думак цьмянае, ухілістае, далікатнае прадзіва. Задзьму пялёстак агню, хай ацалее агарачак - на тую часіну, дзе жывуць, ужо ні пра што не марачы. СКРЫПКА Скрозь - богава дрэва ды скрыпень. Надхмар'я ідолу бяседа. Адкуль, кім забытая скрыпка Тут, дзе ні сцяжыны, ні следу? Зусім учарнелая дэка. А струны іржою не ўзяты... Ці гэта душа чалавека, Што фібрамі ўсімі напята, Каб суадпаведна азвацца І на матылька, і на жабу, Не ўмеючы гукам схавацца, - Сама ці брыда, ці паваба... СВЯЦІСЯ! ...Не іду па вадзе, А лячу над лядзянай балотнай вадою... ...Не сцяжынка вядзе — Над густой збажыною крыляю... ... Абвівае Грудзі й шыю змяя мне, А я страху не маю... ...Дзікі барс падыходзіць I кладзе галаву сваю мне на калені, I я лашчу яго, I ў даверы ўзаемным у гэтым — Ні ценю... Што ж ты такое, У цяперашнім часе — Маё існаванне зямное? Воблік страты ўжо некалі дасяганай Дасканаласці ўласнай? А ці сны тыя — Гэта выява прыступкі наступнай, прыўкраснай? Ах, то кліч мяне, То свяціся — няўгасна! 1990 ПАКУЛЬ ГЛЯДЗІШ НА БЕЛЫ СВЕТ Крый бог здранцвення, што жыццё — мінае, Бо ўсё, чаго для шчасця не хапае, Пазбавіцца гвалтоўна нематы — I заскавыча, і залямантуе, I ўсе пачуцці гэтак раздратуе, Што без пары ў труну захочаш ты! Пакуль на белы свет глядзіш вачыма, Павер сабе: ўсё адалець магчыма, Але, як вока, беражы святло, Каб тое, што цябе тут абмінала, У чалавеку болей дасканалым На долю промнем радасным лягло. 1988