Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 71

Ніна Мацяш

ДВА АДКАЗЫ - Скажы, каханне, адкажы, Што дорага табе найболей? - Годнасць і воля. - Скажы, каханне, адкажы, Дзе смерць твая, тваё крушэнне? - У прыніжэнні. 1987 * * * Бачыць Бог, ты напраўду рады, калі я сама да цябе азавуся, ты напраўду рады, і гэтаму, бачыць Бог, рады няма. Адхварэлі? Закаяліся? Трапятліва малюся да роўнаапостальнай Ніны: памажы нам, Святая, ўтрымаць і на цяперашняй сцюжы наш трыкір, нашыя тры святліны: свечкі, птушкі і ружы!.. ЯК ПАДУМАЦЬ. САБЕ САМОЙ А як падумаць: Гэта ж колькі іх, людзей тых, на зямлі, Што нарадзіліся з табой адначасова — У той жа год, у той жа самы дзень, у тую ж самую гадзіну!.. То няўжо Дарожкі ўсіх-усіх іх праляглі Праз кушчы райскія, Адно табе Даводзіцца брысці ледавікамі гора?.. Няўжо нікога болын, Адно цябе Пякельная тут мучыць смага, Бо ўсе жаданыя азёры Апынаюцца саланчакамі, Як толькі прыпадаеш ты да іх?.. Няўжо адзіна ты У знемагальным пошуку сцяжыны, Якая вывела б з сіроцтва?.. Аж смешна, як падумаць! . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . I ўжо лягчэй ісці З усімі разам. 1985 З РАНКУ I ДА ВЕЧАРА У юнацтве жывеш, Не дужа думаючы Пра вынікі ўласных учынкаў. У сталасці, Жорстка зранены ў вечных сутычках Уявы і явы, З павагаю часам глядзіш На свой вопыт жыццёвы. Але ён немінучы, прыход той хвіліны, Калі да бязлітасці ясна сам бачыш: Жывеш па старых шпаргалках. 1987 * * * На лёс ці варта наракаць? Ныццём нягоды не адужаць. Жыццё заўжды — іспыт на мужнасць. Яе ж не возьмеш напракат... 1971 ПАПАРАЦЬ-КВЕТКА У якой пылінцы, У якім камені, У якой зёлцы, У якім звярку Шчыравала сотні эпохаў ты, Агню спрадвечнага іскрынка жывая Пад гэтым часовым няўдалым назовам «Мая душа»? Бо плоць і мая для цябе — Толькі чарговая — з безлічы — абалонка. Вылузнеш — Не азірнешся нават. Даруй, што яшчэ я не тая істота, Якой ты прагнеш, Якая цябе адшукае, I цябе адняволіць, I пераможа табой Усе моракі свету. Яна ж некалі спраўдзіцца, Казка пра папараць-кветку. Абавязана спраўдзіцца. I ты ведаеш гэта. 1990