Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 69

Ніна Мацяш

* * * — Дзе завязваюцца ветры, Тыя, Што прыносяць буру У чалавечую душу? — У пустынях адзіноты. 1976 ЗАЗІРНІ Ў СЯБЕ За гарамі, за марамі Ёсць такі куток, Дзе чарней начы асенняй Змрочны мкне паток. Ён зглынае ўсё жывое На шляху сваім, Найхаробрая істота — Як сянінка ў ім. Гінуць зоркі, гіне сонца У глухой тужбе... - Дзе ён, той куток злавесны? - Зазірні ў сябе. За гарамі, за марамі Ёсць такая шыр, Дзе пануе неасяжны Шчасцямоўны мір. Выпадковае, не мае Там прытулку зло: Толькі радасць, толькі воля, I святло, святло Над усім, ва ўсім, што чэзла У глухой тужбе!.. - Дзе ён, край той блаславёны? - Зазірні ў сябе. 1989 * * * Узіраешся ў побыт — бы расчытваеш почырк чужы, незнаёмы. Зноў і зноў намагаешся ўцяміць сэнс кожнага знаку — іначай застанецца замкнёны сэнс і слова, і тэксту ўсяго. Можа, гэтым хоць разам патрапіш? * * * Пры сцежцы гарыць куст ружавы. Мінаюцца з ім людзі і зрываюць дзівосныя бутоны. Рукі ж мае — пустыя. Бо сцежка не мая? ТАК ЗВАНАМУ РЭАЛІСТУ Бядуеш: не цямлю як след, Што свет скрозь ілжывы, злачынны. Сама яго трохі звучыла. Не трэба мне лекцый пра свет. Ён часам папраўдзе турма, Дзе людзі бязлітасна злыя, Дзе сэрцы такія малыя, Нібыта й зусім іх няма. Дзе кожны адно аб сабе Пыхліва, хапужліва дбае, З убогай уявай аб раі, Усё ў сваю норку грабе. Жалёта казаць!.. Ды хіба Яно не таму і балюча, Што ў кожнай душы немінуча Сядзяць — Чалавек і гурба? Што гэта ж ад кожнага з нас, Ад сэрца й сумлення залежыць, Дабру нашы сцежкі належаць, Ці зло мае сыты папас... 1985 * * * Сакраментальна вырашаем, Што не прыняць, што зберагчы, Замоваю лясных вяршалін Шукаем зорныя ключы. Суладдзе душ пакутна творым. Зляціць праменьчык па камлі, Сасновы ў ногі кіне корань: За неба ўдзячны будзь зямлі! Спаткнуся. Зорны ключ не блісне Між асыцелае травы. І прыме за паклон мой бліжні Маё падзенне да крыві... У СВЯТЛЕ МАЛАНАК Не памыляецца наканаванасць. Калі пры ясным сонцы заблукаю, Як знепрытомненая, У трох соснах, Яна маланкай выбавіць з зацьмення, Якая вокамгненна давядзе, Куды зайшла я, Дзе мая дарога. Ці хопіць сілы на дарогу зноў? Жывая засталася — Значыць, хопіць. Не памыляецца наканаванасць. 1981