Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 7

Ніна Мацяш

* * * У несаступлівай журбоце Ніколі ды не асуджу Таго, хто лёгка, па ахвоце Пераадольвае мяжу Між скрухаю і весялосцю, Таго, хто ўмее абярнуць Уласную маркоту ў досціп, — Ды не паставіцца ў віну Уменне жыць не ў спаняверцы У сэнсе земнага жыцця, Уменне вераваць да смерці У бессмяротны свой працяг! 1989 ЗАКАНАМЕРНАСЦЬ Сэрца звычайнай канфігурацыі. З медзаключэння То ці варта ўжо так непакоіцца, доктар, Што яно, гэта сэрца маё Са звычайным абрысам лісточка бярозавага, Часам гэтак балюча трапеча, Што сарвацца гатова Мяне ўразіла б іншае: Каб у ім без пакуты варочаўся Свет гэты белы... А СТАЎ НАПАМІНАМ Аклікаць юнацтва недарэчна, Не было яго ў маіх гадах. ...Ты напраўду першы-лепшы стрэчны, З кім і размінуцца не шкада. Раскладала ў цвёрдыя дзве столкі Гарката, што можна мне, што — не. ...Ты напраўду субяседнік толькі, З кім прыемна пабалакаць мне. Прыпадае да грудзей з павіннай Сталасць марнакрылая мая. ...I нашто ж ты стаў мне напамінам, Што мінаю, што мінаю я?.. 1980 НА БЫСТРЫНІ Няможна патураць тузе, Каб яву засланіла зданню, Каб зрабавала пакрысе, Што скарбавалася гадамі. Каб незаслужаны папрок Не вырваўся нікчэмна з вуснаў. Калі крыштальны быў выток — Незамутнёным будзь і вусце! Не змізарнець бы на вяку, Не зблоцілася б глеба тая, Дзе і крынічка б'е, пакуль Рака плыве і не сплывае!.. * * * Цуд не бывае нечаканы, Не спраўдзіцца яму раптоўна: Жаданы пасля ночы ранак, З карэньчыка ідуць бутоны. Зялёнай клеткай хларафілу Завяжацца першапрычына, — Хай выстарчыць бунтоўнай сілы Зрабіць рэальнасцю магчымасць!.. А хто не меў тут дачынення, Слязы ні ўсмешкі не патраціў, Той цудам назаве здзяйсненне... Была ж, як выклік, праца. Праца! 1977 ЦІ СКАЖУ Ці скажу, што жыццё — не ўдалося, Што была неспагаднаю доля, Бо ўплятала куколь у калоссе, Град і засуху слала на поле? Як бы склаўся мой лёс, каб не знала То празрыстай, то душнай маркоты Па ўсяму, што мяне абмінала, Што не прыйдзе ні заўтра, ні потым? Нагабаная ў жыце падкова Вінавата паблісквае ў хаце: Ля чужога агню выпадковай Грэцца ласкай чужога дзіцяці... Быць залежнай ад поўні й завеі, Ад чужога маршруту і руху Быць залежнай, і помніць, і верыць, Што я — голас іх радасці й скрухі. Голас тых, што здалеюць знямогу (Мне ўдавалася ў болю не ўпасці). Голас тых, чыя ў сонцы дарога (Выпадала мне зведаць і шчасце). Узыходзіць, як каліва, слова. Не згубіцца яму ў шматгалоссі. Ці скажу, што жыццё — не ўдалося?