Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 59

Ніна Мацяш

БЯРОЗА На мокрым голлі — рэдкія лісточкі. І мне здаецца золкаю парой, Нібыта залатыя ліхтарочкі Запалены бярозаю старой. Куды яна ўзіраецца? Што бачыць? І для чаго запалена святло? Няйначай — лету, выраю — няйначай. І мо — каб адзінока не было. А мне б хацелася, бяроза, думаць, — Прабач, хачу замнога мо, прабач, — Што ты з маёй бясплённасці і тлуму Пакажаш сцежку мудрасці і ўдач. Я і сама шукаць яе гатова, Шукаць гатова — значыць, і знайду. А вока ліхтарочка залатога Не дасць мне спатыкнуцца на хаду. Тваё галлё, бяроза, падтрымае, — Яшчэ адолець не адну вярсту. Пакуты знаю. Боязі не знаю. Іду. КАМЕНЬ Зласліва кінеш камень у крыніцу — I зразу скаламуціцца вада, Знікае зоўны воблік таямніцы, Узвірваецца ўсякая брыда. Але па часе мут зноў ападае, Зноў плынь празрыста-вабная бяжыць, На камень той ужо і не зважае. А камень той, як на душы, ляжыць. 1989 РАКА — Твая песня пра што, вада?— І па хвалях-радках чытаю: «Што мінулася, не шкада, Што мінулася, бласлаўляю. Нават страты і нават боль Светлай нотай маёй адзначу. А над тым, што ніколі са мной Не адбудзецца — плачу, плачу...» 1973 ЗМЯРКАННЕ Вячэрнія птахі запелі. На змену спякотнаму дню Задумнаю свежасцю спеляць Маю цішыню. І вокліч, і высвіст, і шчэбет, І рэзкі, наструнены крык. Гарыць аблачыначка ў небе, Жарынай гарыць. Яе прахалода папеліць Галінкаю не варухне... Вячэрнія птахі запелі... Як молада мне! І як мне на дзіва спакойна! Скацілася сонца ў лясок. І — не апусцела шпакоўня... Усё яшчэ збудзецца, ўсё! КАСТРЫЧНІЦКАЕ У садзе маім — залатыя жыткі ды вяргіні. Па ліпеньска-жнівеньскіх люта навальных дажджах Кароткія дні ўшчэрць наліты і сонцам, і сінню, Цяплом і лагодай атулены дол па начах. У садзе маім, павуцінкай знітованы белай, Ідуць клён з бярозкай на гібельна-зоўны касцёр. I гэтак дзівосна, і блізка ўсё, і зразумела, Нібыта прырода ўзяла маю жытку за ўзор... 1988