Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 58

Ніна Мацяш

ЧЭРВЕНЬСКІ ВЕЦЕР У зяленым плашчы наросхрыст Па гаях вецер чэрвеньскі ходзіць. Толькі блізкіх збліжае ростань. Толькі з блізкімі час у згодзе. Ох, які ты вымаклы, вецер! Травы ў пояс таое, разутаму... То дажджынка з ліста ці з сэрца Ападае пяшчотны смутак? 1973 ВАСІЛЬКІ Як рана васількі завасільковелі! Ці гэта я спазняюся? Няўжо Мінулася вясна? Адна аскоміна Перапарэлых, выгарклых дажджоў... Спазняюся. Ва ўсім... I рассыпаюцца, I выпадаюць звёны спакваля, Як поры года з пачуццёвай памяці, Памкненняў, дружбы звёны... А ў палях Красуе жыта! Як і трэба ў чэрвені. Не знае глеба ленасці душы. Каля дарогі ў каласоў гушчэвіне, Як воклік лета, васілёк дрыжыць. 1974 ЖАР-ПТУШКА У мой прыглухлы, Поўны лета сад Аднойчы, Як сухая навальніца, Зіхотка, бесклапотна, жыццярадасна Жар-птушка з казкі ў сад мой Прыляцела, Прашыла зорным полымем яго, І кожнае зярнятка ў кожным яблыку Задыхала з абуджанай маркотай Сканаць, Ды толькі — цветам прарасці. Стрывожаны, Устрапянуўся сад, А птушка... Палае двузіхоткае пяро, Пакінутае мне Не на ўспамінак: На тое, каб і ў верасні, і ў лютым Быў сад мой Поўны лета. Кабён Быў казкаю. Азораны. І толькі. КУПАЛЬСКАЕ

Галіне Скарыне

Юдольныя, і плацім мыта за ўсё, што выпадзе ў дарозе: найперш — за пыл ды за каменне, за град і за няшчаду спёкі, але — і за глыток з крыніцы, і за ліповы пах мядовы, і за сцяжыну прад вачыма, і за валошку каля сэрца... А Купалка зноў гукае ночкі цёмнай не баяцца, кветку-папараць шукаць... * * * З якой цярплівасцю Прыладжвае бусліха Галінку крохкую ў сваё гняздо, Пакуль яна тапырыцца пакіне, Пакуль У буслянкі адзінства непаўторнае Не ўпішацца. О, як зайздросна мне майстэрству гэткаму! I ў празарлівай птушкі я прашу — Хіба ж дарэмна менавіта з ёю Свае найлепшыя чаканні людзі звязваюць? — Прашу я: — Навучы мяне, маўклівая, На вострай, на драпежнай баране Крыўд, непапраўнасцей, няўдач, памылак Знітоўваць так — Да будня будзень, — Дні мае, Каб з іх няўхільна-шэрага гнязда Умела станавіцца на крыло — Уздрыгліва, няўклюдна, неўміруча! – Як буслянятка першае тваё, Мая, Мной непрадбачаная, Радасць. Цярпенню навучы мяне, Маўклівая... 1974 МАТЫЛЁК

Янку Брылю

Нахалолі шыбы з ночы, затуманелі, Па-асенняму глядзяцца ў мокры сад. Не забавілася слота, хмурай паняю На пачэсны самы просіцца пасад. З ёю жарты, з ёю сваркі - надарэмныя, Гаспадарліва шчыруе ад душы: Носіць жухлую лістоту абярэмкамі, Носіць суткамі дажджы ў гнілым кашы. Ды бывае - неба гляне так падсінена! І тады, нібы дзівосны госць здалёк, У акно, што па нагоду зноў расчынена, Трапятліва залятае матылёк. Ах ты, госць мой! Рэха лета - выпадковае! Аж вачам уласным веры не даю... Як жа хораша замовай каляроваю Ты няўтульнасць заварожваеш маю! Матылёчак, летуценнейка дзіцячае... І лагодзяцца маршчынкі на ілбе, І шчэ гэтулькі пяшчоты нерастрачанай: Знік ты - я ж усё ўсміхаюся табе!.. 1984