Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 56

Ніна Мацяш

ВОСЕНЬ І зноў сумую па буслах, Нібы па родным чалавеку. Іх восень ціха адвязла На рыжым чоўне дзесь да грэкаў, Ці мо ў Егіпет, ці куды, — Далей ад дрыжыкавай слоты. Стаяць манахамі сады У сутанах вымаклых за плотам. 1970 ЛІСТОК На ўсёй галіне толькі ён адзін, Адным душою кволы лісцік буры Яшчэ ўцалеў у бурах мне наўздзіў I на пасмех-пацеху новым бурам. О дзе ты, промня веснавога шоўк?! Ў адказ цыклон кастрычніцкі азваўся... Дрыжыць лісток, ды не таму, што зжоўк, Другое страшыць: што адзін застаўся... 1970 СНЕГІРЫ Два снегіры — дзве кропелькі зары — На шэрую галіну вольхі ўпалі. I раптам усміхнуўся дуб стары I жалудоў сыпнуў ёй на каралі. Ды што для вольхі гэткія дары! Як дзеўка, ля стаўка ўсё прымярала Звон-завушніцы з цёплага каралу — Два снегіры, дзве кропелькі зары. 1969 ПЕРШЫ СНЕГ Над даляглядам вечар устае, У шыбы вецер апантана ляскае, І снег, і снег, як спозненая ласка. ...I гэтак жа, як ласка, растае. Яшчэ лісты самотныя гараць, Яшчэ не ўся трава ў зіму ўмарожана. Не гавары са мной неасцярожна, Пяшчотай выпадковаю не рань. На недавер мне сіл яшчэ стае, Не веснавосць з вясёлкавымі краскамі, — А снег, а снег, як спозненая ласка, І гэтак жа, як ласка, растае... * * * Я думала, люблю адну вясну: Вясной так лёгка пераблытаць, дзе я, Вясною так пяюць ва мне надзеі, — Я думала, люблю адну вясну. Я думала, што восень не цярплю: Так непрытульна і маркотна ўвосень, Так адзінока з тым, што не збылося,- Я думала, што восень не цярплю. Але загуў прасторы сіні звон — I колькі часу ўжо адно ўяўленне У родны край вядзе, як у збавенне, — Ударыла разлука ў сіні звон. I ўсё прымаю, лета і зіму, Паводку бурную і ліставею. Калі зямля, як сонца, душу грэе — Багаслаўляю лета і зіму! 1972 ЛІСТАПАД Зноў наступнасць мая — без цябе. Са здзіўленнем і зябкасцю ў целе Я заўважыла толькі цяпер, Што таполі зусім абляцелі. I што луг і зрудзеў, і зліняў, У рабін паабдзёўбаны гронкі, — Хоць яшчэ на двары — цеплыня, Звон нябёсаў пяшчотны і тонкі. Ліст апалы у пальцах кручу. На галіне карычневай почка — Вёснаў будучых соннае вочка. Ліст апалы у пальцах кручу... 1975