Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 32
Ніна Мацяш
* * * Усё было: і сон, і парыванне, Высокі ўзлёт, і марнасці сіло, I нараканне, і самаз'яднанне. Нянавісці ніколі не было. Нас не заўжды дастойна і цярпліва Да разумення пачуццё вяло. Так часта я была несправядлівай. Нянавісці ніколі не было. У заўчарашніх буднях надламала Наступнасць наша светлае крыло. Ты быў слабым, я жорсткім называла. Нянавісці ніколі не было. Агледжваемся — і як на далоні: Далося ўсё, што дацца нам магло У найжаданым любасці прыгоне. Нянавісці ніколі не было. 1988 * * * Умее Час, вялікі дабрадзей, З канвы нічога не пусціць на глум. Мая пара спяванак, мук, надзей Перарасла ў пару маўклівых дум. Не злуй і ўпотай не раўнуй, калі Маёй любові гімны не гучаць. Нам безвыходства ўжо не так баліць. Ужо лягчэй мне... Хочацца маўчаць. 1988 ТВОЙ ЛІСТ Моцны шум таполяў. Шлях ва ўладзе дум. Лёгкі смутак поля. Твой глыбокі сум. Ластавак нарада. Залаты абсяг. Журна... Але ж радасць — Наш прасветлы сцяг! Уяўляю, бачу: Вырай. Поле. Ты. Смутак твой гарачы Радаснай хады Па струне па сіняй Мроі — ўглыб святла, Дзе амаль багіняй Я была... 1989 НЕ КАНАВАНА Была каханая табою Свяціўся шчасцем кожны рух, Святочнай сцежкаю абое Крылялі за будзённы круг. Была табою мілавана Быў небадарным кожны міг І далеч промнямі праткана Для абаіх, для абаіх. Праменне сьцмела за імглою. П’ю будняў выгарклы напой. Была каханая табою. Не канавана быць з табой. * * * Што ёсць сэнс? Няўжо адзіна справа, Што з жыццём так моцна заручыла? Дык нашто ж уваскрасаюць травы Там, дзе лугу быць і немагчыма? Косіць вокам счырванелым вечар, Як трывае наша шчасце-мука, Дзе адна — на ўсё жыццё — сустрэча І адна — на ўсё жыццё — разлука... 1983 НАЗАЎЖДЫ О милых спутниках, которые наш свет
Своим сопутствием для нас животворили
Не говори с тоской: их нет,
Но с благодарностию: были.
В. А. Жукоўскі
А парывала ж!... Ды вярталася... Нашто вярталася? Чаму? Адно гаркоты дабаўлялася... Бывай, мір сэрцайку твайму. Нарэшце вырвана дарогаю. Цяпер з яе ўжо не сыду. ...Аж дзесь за доллю промнярогаю, Чужая ўжо ўсяму, ўпаду. Ды на парозе вечнай чёмначы, Пры голасе яе трубы, Калі яшчэ хоць нешта помнячы, Згадаю, ўдзячная: ты быў... 1983