Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 24

Ніна Мацяш

* * * Даруй мне полымнасць маю. Яна балюча апякае Цябе за вечнымі замкамі. Папеленая, не чакаю Адхлання ў прорвы на краю... Даруй мне полымнасць маю. АДКАЖЫ Сонца любові — за чорнай тугою, Боль над усім: Дзеля чаго я, дзеля чаго У лёсе тваім?.. Так палымяна цягнуцца настрэчу — Каб даказаць: Блытаць каханне і лёс — недарэчы, Іх не ўвязаць?.. Ты ці жартуеш на гэта як-небудзь, Ці прамаўчыш... Бо знаеш: адкрыта дарога на неба Толькі праз крыж?.. Бо згодны: заманліва стаць крылатым, Ды, што ні кажы, Распятасць — нязмерна вялікая плата За ззянне душы?.. 1988 ПАСЛЯ Кахаеш ты, і сам каханы, I думкі чыстыя твае, Але, бы ў пастку, ў быт загнаны, I час палёгкі не дае. Усё бліжэй, бліжэй магіла, Усё ясней абрыс віны За міг крылаты, а бяссілы Рашуча стрэсці кайданы. Дай чалавеку веры, Божа, Што хоць пасля, пасля, пасля, Ужо ў абліччы іншым, можа, Ён быць папраўдзе шчасным зможа, — Бо вопыт, горкі і варожы, Якім сілкуе Дух зямля, Яму стаць мудрым дапаможа Хоць недзе, некалі, пасля... 1992 ДАЗВОЛ НА АДПАЧЫНАК Быццам раптам кроў спусцілі з цела — Бліск маланкі, потым — змрок густы... Вось і маеш тое, што хацела? Гэткага спачынку прагла ты? Што ж, цяпер адпачывай, нябога, — Загадалі горкія радкі, — Шчасце — вера, а твая дарога — Вечна тупікі ды тупікі. Б'ешся, б'ешся, як сляпая птаха, То аб неба, то аб камяні. А каханне ж — радасць, а не плаха. Я не зычыў плахі. Адпачні... Нават слёз няма, адно здранцвенне... Неба... Тупікі... Каменне!.. 1985 * * * Слова маё не накліча бяды, Вока маё не злое. Шчасця твайго не сурочу й тады, Як будзеш ты не са мною. Толькі аднойчы, пры цёмным акне, У задуменні мройным Неасцярожна згадаеш мяне — І смутак ляжа гарою На ўтульнасць тваю, На вясёлы твой дзень, На памяць пра нас абоіх, Дзе я, нібы голачка на вадзе, Трымалася на любові. 1984 * * * «Я прыеду, як выпадзе снег, Я прыеду пры першай парошы». Мой харошы! Так жыццё і складзем з гэткіх вех... І чым болей марнуецца дзен У пустой, адзінокай дарозе, У знямозе Усё той жа працяг ёй відзён. Набярыся трывання і сіл, Памудрэй, маё сэрца, нарэшце, Дай давесці Жаль без роспачы за небасхіл... 1983