Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 22

Ніна Мацяш

* * * Шарэе па-асенняму ваколле, Ніжэе пацяжэлы небны дах. I хай сабе! Я ўжо цябе нікому, Нікому і нічому не аддам. Пазалягалі туманы ў лагчыне. Хай зменлівасці ў часе не ўпыню — Я не аддам цябе другой жанчыне, Пакуль сама — з даверу і агню. На самы жорсткі, незагойны верад Ёсць недзе, ёсць зялінка на, загой! Я не аддам цябе імгле зняверы, Самоце шляху колкага твайго. I хай зімою лёд — не выпадковасць, — Не вымерзне цалюшчая вада. Ты толькі сам мяне ўжо анікому, Ніколі больш нікому не аддай. 1985 ШЧЫМЛІВАЕ Да берага бязмоўя не дабрацца Мне годна — без твайго пляча ў плыўбе: Ажно гатова сэрца разарвацца Ад любаснай пяшчоты да цябе! Найблізкі мой, мой цуд, маё ж ты свята, Любоў мая, ты ведаеш даўно: З табой збару я мель і перакаты, Не ўцягне чорны вір мяне на дно. Мой валадар, мой скраб неверагодны! Купае сэрца светла-светлы шчэм: Вось плынь жыцця. Вось любасці нязводнасць. Бязмоўны бераг дзесь. I мы - плывем... 1988 ПРОСЬБА Як Васіліса, у рукаў Зноў восень сонейка хавае. Не абвыкай, не абвыкай, Што я твая, што я кахаю. Усё так крохка на зямлі: Было, няма, ёсць — ды другое, Што свет у стане наталіць Даскочу нас хіба тугою. I сум, і хараство, што мы Не здавальняемся здабытым, Што лебядзінымі крылмі Зазыўна далі перамыты! Як Васіліса, з рукаўя Пяшчота смутак выпускае: Не абвыкай, што я твая, Не абвыкай, што я кахаю. 1985 БОСКІ ДАР I сад, і неба — ўсю раскошу Пачуццяў, што мяне ўзнялі, Усё, чым ты так ухарошыў Мой дзіўны побыт на зямлі, Чым вечная душа твая — Вярнуць хацела б я ўдвая. I, як самотны Бог, прымаеш Свой дар ты з рук маіх — як мой, I мовай неба далучаеш Зноў да раскошы незямной Убачыць лёс, як саду цвет! Пяшчотны Бог мой, мой Сусвет... I промніцца над колам рук: Бяссмертны ты, і я не ўмру. 1989 МОСТ Кажуць, ноч была цёмнаю вельмі. Не заўважыла змроку: Мне твой воблік свяціў цеплавокі. Кажуць, ноч была ветранай дужа. Не запомніла слоты: Атуляла ад ветру пяшчота. Кажуць, снег нават падаў уночы. Калі гэта і праўда — Растапіла яго наша радасць. Я не згасну былінкай бязраднай, Хоць і сцюжа навокал, Покуль ты ў мяне ёсць, мой далёкі. Не хачу ўжо нічога, нічоуа, Ні лістоў, ні прыездаў — Быццам мостам, звязала нас бездань... 1981