Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 20

Ніна Мацяш

* * * Цені ў кутках, як блакітная варта... Сёння мы ў шчасця ў гасцях. Можа, адзіна цяпер мы і варты Жыцця. Сёння, калі нашы душы пад знакам Злітнасці і паўнаты, Зараз, калі ў іх ні следу ніякай Лухты. Выстыў даўно ў белых кубачках чорны Чай на вячэрнім стале... Спеўна і вольна, нібыта на горнай Скале! Лётка, як птахам уразлівым дзікім З гордым узмахам крылаі Цені, як варта блакітная... Лікі Святла! 1983 * * * Я ўсё жыццё Цябе шукала, Гадамі йшла праз морак і праз боль, Як быццам верыла, як быццам знала, Што немінуча стрэнуся з Табой. Аж дзіўна, скуль было той веры брацца Пры ўсведамленні: рады тут няма... Ды нешта ўсё загадвала: трымацца! Ды нешта цвердзіла ўсё: недарма! Я акіян тугі правеславала, Я тысячу пустынь перабрыла I тысячу надзей там пахавала. I вось — знайшла... Я ўсё ж Цябе знайшла?! О, толькі не пакінь, не адступіся! Пазнай мяне, прызнай, не абміні! Цяпер Ты ўсё мне: і мой дол, і высі, — Вясёлку свету белага вярні! Падломваюцца ад дарог калені, Вось-вось лісточкам сэрца абляціць, — Не адвярніся!.. Больш з такім маленнем Ужо няма мне да каго ісці. 1985 ВЫЗВАЛЕННЕ Зярнятка радасці маёй, Карэньчык сонца ў золкай долі! Яшчэ скавана мітуснёй – І ўсё-такі я ўжо на волі. Яшчэ цягну ярмо тугі І неразважаных сумненняў, Ды ўжо мне шлях твой дарагі, Дзе ў кроў саб’юся аб каменне. Хачу сама таго ярма! Бяда вяшчунна пратрубіла... Бяда старалася дарма: З мяне рабыню не зрабіла! Яшчэ скавана мітуснёй – І ўсё-такі я ўжо на волі! Зярнятка радсці маёй, Карэньчык сонца ў золкай долі... 1981 СТРАХ «Каханы мой!» А мне ты: «Не кляніся!» «Адзіны мой!» А ты: «Не прысягай!» О як ты, непаўторны мой, баішся, Што раптам страціш спознены свой май!.. Табе ўсё роўна ўжо, што скажуць людзі — Адно самому б толькі не здрабнець, — Бо людзі перш апошляць ды асудзяць, Пакуль сумеюць нешта ўразумець. Каханы мой, о не, я не клянуся, Адзіны мой, не прысягаю я: Да вусцішнасці ж і сама баюся, Што згіне, быццам здань, вясна мая. Цалую распрамененыя вочы, Гарнуся ўсёй істотай пад крыло Ўзаемнасці, якую не сурочыць Прызнаннямі — ўсім ростаням назло! Ёсць толькі жыццяў нашых берагі... Саколік мой, Жаданы, Дарагі... 1984 СУГУЧЧА Не моўкне сонечнае рэха, Сугучча наша доўжыць, доўжыць, — Бы ты нікуды не паехаў, Бы ты ўсё побач, І ўсё той жа — Пяшчотны, ўсмешлівы, шчаслівы, Увесь у песеннай уладзе — Як жаўранак над яснай нівай, Як шпак у развяснелым садзе!.. Ты ўсё, усё мне, Усё на свеце: І кліч жыцця. І прага смерці... 1983