Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 19

Ніна Мацяш

* * * Кажы ласкавыя мне словы, Дары пяшчоту мне сваю, І прызабудуся вяснова, На ўскрайку шчасця пастаю... Хай хоць на момант ашукаю І немагчымасць, і бяду, Так хораша і нечакана Вакол мезенца абвяду! І сіл прыбудзе мне нанова, Прад непапраўнасцю ўстаю, — Кажы мне ласкавыя словы, Дары пяшчоту мне сваю. Не ўсё збываецца, і, мусіць, Пара змірыцца з гэтым нам. Але пакуль душа не хлусіць, Што песня ты ў мяне — адна, Мая апора і аслона У безнадзеі на краю — Кажы мне ласкавыя словы, Дары пяшчоту мне сваю. 1977 * * * Панянькавала за свой век нямала Мар, і памкненняў, і жаданняў я, А заклінаю так, як заклінала: Хай беражэ цябе любоў мая. Заступіць хай усе шляхі-дарогі Любой нягодзе і любой слаце, Каб, як хваробы, роспачнай знямогі Ніколі не спазнаў твой доўгі дзень. Якім ты ёсць і стаць якім гатовы, — Хай светлай будзе лёсу каляя! — Ад злой няўдачы, ад ліхой намовы Хай беражэ цябе любоў мая. За сэнс высокі, што жыццё займела, За мой вясёлкаю замкнёны круг, Дажджынкай шызай ці сняжынкай белай Я прыпаду к табе і паўтару: Дзе б ты ні быў, якой бы ні была я І кім бы для цябе ні стала я, — Хай над табою ластаўкай крыляе, Хай беражэ цябе любоў мая. 1977 ЖАВАРАНКІ ПЯШЧОТЫ «Птушанятка маё дарагое...» — Сказаў ты На ранішняе павітанне З далёкай далечы, — I трох гэтых слоўкаў хапіла, Каб, насуперак слоце, Насамотнены кут мой Дзень цэлы Быў узіхочаны сонцам, Каб у небе кожнай крывінкі маёй Неўціхана спявалі Жаваранкі пяшчоты. Кахаю цябе. 1987 * * * Заходзіш. Гамоніш. Прыгортваешся ўсхвалявана. Дапытваешся, ці жаданы — такі нечаканы? А вочы іскрацца. А вусны смяюцца. А словы Абвейваюць сэрца бялюсенькім цветам вішнёвым. Мы ёсць — і няма нас. Нібы два пялёстачкі, тонем У галавакружна расчыненых сонечных тонях. I п'ём не нап'ёмся з той плыні крыштальнай, вянчальнай, I гэтая смага — адзінае, што найрэальна... 1988 ЛАСТАЎЧЫНЫ БЕРАГ О гэта ззянне спадзявання, Што будзем, будзем разам мы, Што лета нашага кахання Навек нас выбавіць з зімы!.. Як доўга, цяжка мы блукалі У зглухлых, ледзяных снягах, Пакуль сябе не адшукалі На ластаўчыных берагах. Яшчэ між намі яр абставін, Ды промень кладачкай пралёг, Каб мы перамаглі расстанне, Каб смутак знішчыць нас не змог. Парыў і чысціня ў паглядзе — Бяссмертны выклік небыццю. Не здрадзім, родны мой, не здрадзім Велікадушнаму жыццю!.. 1987