Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 18

Ніна Мацяш

* * * Кажуць: трэба. Кажуць: будзе лепей. А навошта — трэба? Лепш — каму, Пачуцця спякотлівае лета Выдаваць за сцюжную зіму? Трэба?.. Знаць: твой ратавальны бераг — Я — твая натхнёная пара, Жыць тваім даверам, ды — «не веру, Я табе не веру», — паўтараць? Лепей?.. Прагнуць стрэчы, трызніць стрэчай, А ўляціш у мой маркотны круг — Абыякава атрэсці плечы Ад гарачкава-пяшчотных рук? Мой каханы! Я не ўмею гэтак. Не па мне наўмысна, ясны мой, Пачуцця спякотлівае лета Абарочваць сцюжнаю зімой. Снег чужання, так даўно расталы — Што яму цяпер між нас рабіць?! Не хачу кахання рэдкі талент Хітрыкаў бяздарнасцю губіць! Узаемнасць знае, сведчыць, помніць: Каб шчаслівай быць заўжды, не міг, Трэба ласцы й шчырасці няўтомна, Безаглядна й годна — на дваіх. * * * Я люблю цябе... а ты — не слухай! Я люблю цябе... а ты — не чуй! Бэзам ускіпела завіруха, І пялёсткаў шчасця не лічу. Ні адна не ўваражыла кветка Рук тваіх, вачэй тваіх, ні губ. Ходзіць студзень непадкупным сведкам Самае раскошнае са згуб! І шугае маем завіруха, І пялёсткаў шчасця не лічу. Я люблю цябе... а ты — не слухай, Я люблю цябе... Быццам слоў такіх і не існуе, Быццам і не сказаны былі... Радасць гэта нас перавяснуе На спрагнелай радасцяў зямлі. Нездарма шалее завіруха, І пялёсткаў шчасця не лічу! Я люблю цябе... а ты — не слухай, Я люблю цябе... а ты — не чуй! 1976 РОДНАСЦЬ Падумаць толькі, што нас падзяляла... Ты ж быў у маім лёсе! Ды цяпер Такое адчуванне, што не знала Ніколі я сапраўднага цябе. Падумаць толькі... Спела столькі часу Прыхільнага сяброўства цеплыня, Каб раптам натуральна так пачаўся Адлік інакшы новым нашым дням. Усё, жыло падспудна што, употай, Цяпер лунае, за вітком віток. Няпэўны сум свядомай стаў маркотай, І радасць адшукала свой выток. Падумаць толькі: мне ты не прысніўся, — Іначай як бы стацца так магло, Што страх набыў акрэсленыя рысы І яву спадзяванне набыло, Што знойдзе чалавек, чаго шукае, Пакуль, пакутай моцная, расце І ў сэрцы прага роднасці людская Не саступае месца пустаце. 1977