Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 17

Ніна Мацяш

* * * Як мне прывыкнуць да самой сябе, Цяперашняй, невызначальна новай? Адкуль, З якой неспасцігальнай сховы, І рухі гэтыя мае, І словы? У рос пытаюся — Яны маўчаць. У зор пытаюся — Яны маўчаць. А прыйдзеш ты, Запознены, здарожаны, Шапне крывінка кожная: «Харошы мой!..» Пратрубіць безагляднасць раскавана! Як мне прывыкнуць да сябе — Каханай? У рос пытаюся — Яны маўчаць. У зор пытаюся — Яны маўчаць. А ты ўсміхаешся шчасліва... 1976 АЛХІМІЯ Маўчаць твае словы... На раскрыллі карычневай страказы Насцярожаны час Неўтаймавана трапеча І абарочваецца Транзістарным голасам касманаўта, Які канстатуе, (Маўчаць твае словы...) Што наша планета ўся ў хмарах, Мноства хмар — І над сушай, І над акіянамі. (Маўчаць твае словы...) Мне здаецца, Я ведаю шлях, Па якому вяртаецца сонца! (Маўчаць твае словы...) З хваляваннем бяру: Промень пагляду, Каліва ўсмешкі, Даверлівасць рук, Ненатольнасць пацалунка, Злучаю ўсё гэта ў колбе сумнення, (Маўчаць твае словы...) Грэю, грэю дыханнем сваім, Аж пакуль не ўпадзе На раскрылле карычневай страказы Чыстае, быццам слязіна, «Люблю». 1976 * * * Запозненаю дзікаю ажынай Узаемнасць наша дзёрзка расцвіла. Мы ж бачылі, Што лучная сцяжына Па-за шляхамі нашымі была. Мы ж разумелі, Што блакітнай грывай Праменны далягляд Не нас Заве. І ўсё-ткі безразважна, Як з абрыва, Зрываліся ў наш Невымоўны верш. «Чакай. Кахай». Кахаю. І чакаю. На самаце. Сярод людзей. Цяпер Само паветра дасканала знае, Як ім балюча дыхаць Без цябе. * * * Калі б прыйшоў ты на адно імгненне, Такі, які з’явіўся ў адначассе, Дык і тады не марнай, не дарэмнай Была б мая былая прага шчасця. Збылося ўсё. Збылося нават болей: На што не смела ўпотай спадзявацца. Так пэўна свет захарашэў табою, Жаўрук, які сярод зімы азваўся. У шчасці шчасця прагнецца ўдвая. Хай песня не канчаецца твая. 1977 НЕ ВЕДАЮ Не ведаю, адкуль прыйшла. Не ведаю, куды пайду. Не ведаю, чаму аж так Я мушу спазнаваць бяду. Няма так шмат з маіх сяброў. Так шмат з радні маёй няма. Дзе вы, матуля, сёстры, брат? Хоць знак які падай мне, ма!.. Не ведаю, адкуль прыйшла. Не ведаю, пайду куды. Не ведаю, нашто цвітуць Мае цярновыя сады. Як б'ецца сэрца, родны мой!.. Ці хопіць нашага святла, Каб і на сцежцы незямной Нам стрэча дадзена была? 1990