Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 16

Ніна Мацяш

НЕ НАХЛУСІ Змалку мне доля казала мая: Трэба вучыцца без радасці жыць. Горам карала, каб верыла я, Быццам няма мне тут чым даражыць. А ты не спалохаўся гэтае мовы, Птах мой вясновы. Ты прыляцеў — і наледзь тугі Змыла, нібыта яе й не было! Змораны дзень, беспрасветна даўгі, Ружавым цветам уміг завіло! Ружа ніводнай калючкай не коле... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Не нахлусі гэтай радасцю, доля. 1985 * * * ...I ён прыйшоў, мой час круты, калі Уласны цень — і той мяне пакінуў... Нябёсы ўсцяж прыпалі да зямлі, Нібы яны і сапраўды такія: Неасцярожна ўскінеш галаву — І панявечышся аб беспрасветнасць... Знік цень. І зноў на ўзяблую траву Вярнуўся — свету хараство засведчыць. І хоць абрысы чоткія яго Зусім не паўтараюць форму цела, Ен мной адметны: гэтулькі ж майго Там руху слова, справы, летуцення! І сталася: ты — мной, а я — табою. Шчыруе моўчкі наша вышыня, Каб два абліччы ў адну сутнасць здвоіць. Каб людзі памагалі й так, па двое, Людскім страсцям пагодай набрыняць. ТЫ Быў. І не было. Пры выпадковых, Неназолістых спатканнях зрэдзь Бестурботна ападалі словы З доляю ні радаваць, ні грэць. Быў. І не было. Не бачна воку, Як карэнне дастае з зямлі Над ільдамі, камянямі сокі, Каб у дрэва песню лета ўліць. Дзёрзка выбухнула лістота — Твая пяшчота. Што яна шукала ў маім лёсе? Сцверджання? Бунтоўнай праваты? Што шукала — ці знайсці ўдалося? Быў. І не было. І раптам — Ты!.. 1976 СКАРБ Аддаў сябе як скарб, шалёны скарб. Разгубленай жабрачцы што рабіць з ім, Як абыходзіцца, Паводзіцца з ім, каб Не злегкаважыць і не страціць Дачасна? Давер, як павадак, Ашаламляе. Глядзела Глыбознымі трывожнымі вачыма, Баялася даткнуцца: Не зняверыўся б... Дыхнуць не смела: Не зняверыцца б... Шукала супакою для душы. Багатаму не спіцца. А рана Прыкідваецца толькі, Што яе — няма... 1978 * * * Не люблю тэлефонных размоў. Але ў свет мой званок уварвецца — І зруйнуе спакой да асноў, I на голас твой сэрца сарвецца, Як зрываецца птушка ў палёт, I, як птушка, ў блакіце крыляе У бяздонных нябёсах пяшчот, Дзе душа да душы прамаўляе. Любы мой, любы мой, любы мой! I часовае — з намі навечна. Знае доля, якою цаной Выкуплялі ў яе мы сустрэчу. Жаваронкавы міг светлыні, Барані нас цяпер, барані!.. 1988