Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 13

Ніна Мацяш

ЛЮБОЎ Той час, як прасякнуты табою... — Адно ў той час бываю я жывою. Адно тады напэўна знаю я: Не марна доля доўжыцца мая. Не марна выпрабоўвае сурова: Ты зерне ў ёй. Астатняе — палова. 1983 ГРАМНІЦЫ Грамніцы — Палавіна зіміцы. Не напіўся певень вадзіцы. Што ж не дасць усумніцца, Што грамніцы — Палавіна зіміцы?! Ці ж не гэты блакіт, Маляваны густа, высока? (Болей — Ласка тваёй рукі, Мой сокал...) Ці ж не спіленыя сукі У таполяў пасёлка? (Болей — Ласка тваёй рукі, Мой сокал...) Ці ж не лёгкасць дыхання, якім Усё налілося? (Болей — Ласка тваёй рукі ў маім лёсе, На грамніцы, На палове зіміцы.) МАНАЛОГ СЛАНЕЧНІКА, ТВАЕ ВОЧЫ I Я «Мне б — як усе... А промень веснавы Маім лістом, маім пялёсткам стане — I ўжо не йдзе й на момант з галавы Бязлітаснае сонечнае ззянне. I заўтра, як учора, як заўжды, Не ў сіле адарваць ад сонца твару, Няўцямна залатыя павады Усё лаўлю з-за навальнічнай хмары. Як быццам лета можна затрымаць, Як быццам нешта ў гэтым свеце вечна...» Снягі. А мне зіма — як не зіма, А мне ў тваіх вачах цвіце сланечнік! 1972 У ПАВАДЗІ НЕДАБРАТЫ Не трэба, мой дружа, не будзем. Апрыкрала і гаварыць Пра ковы, пра чад нашых будняў, Як свет гэты белы, старых. На макаўцы тлуму і стрэсу Не ўшчэнт абяскрылены мы. Пад клічы гусінай сурмы Выпырхвае лісцейка бэзу. На градцы на мамінай крокус Ліе незямное святло. I ластаўка ладзіць жытло Пад радыяцыйнаю кроквай... Свет белы не вычарпаў лекаў. I ў павадзі недабраты Хоць зрэдзь чалавек чалавеку Ёсць ласка жыцця. Як мне — ты. 1990 * * * Свет чалавечы прагне людскасці. Але хіба яе Магчыма выняньчыць У самаразбурэнні? Хай будуць блаславёны закаханыя! * * * Пагаворым на розных мовах (Разумеючы кожны нюанс), Інстынктыўна творачы ўмовы, Каб мацней не збліжала нас. Пад крылом усвядомленай сілы, Што пануем усё ж над сабой, Бесклапотна прамовіцца: «Мілы», І ў сур'ёз не ўзвядзецца табой. Прывітальным тваім: «Дарагая» Толькі песня святлее мая, Вечаровая песня над гаем Непрыкаянага салаўя. 1984