Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 12

Ніна Мацяш

* * * Не хацела нічога ад вас, А дары не прыняць не змагла. Падзякуйце вашым ганцам: Ветру з гор, Што настойліва браў за плячо І прымушаў азірнуцца, Каб спаткаліся нашы пагляды; Неспадзеўнаму ліўню, які Вестуном жыццярадасным Шчодрасці вашай з'яўляўся; Ціхай хвалі марской — Пра патрэбу пяшчоты Са мной гаварыла яна; І раскутай, узбуранай хвалі падзякуйце За дакладнасць высновы: Немагчыма — без бунту. Не хацела нічога ад вас. ...I вамі — жывая. ТРЫПУТНІК Згубіліся ў натоўпе. Час, гэты Пастух усюдыісны, Па неўгаданай прыхамаці звёў нас На міг, Каб вочы ў вочы, — І з гэткаю ж бесцырымоннасцю напомніў Пра нашы накірункі і дарогі, Несупадальныя, як нашых пальцаў Адбіткі. Павечна кожны з нас у загародцы Уласных абавязкаў і правоў. Прыкладваем да сінякоў, да ран Гаючы Трыпутнік той сустрэчы. * * * «Да сустрэчы!» — у канцы ліста, На паштоўцы рэдкай — «Да сустрэчы!», Ды чамусьці вечна трэба ўстаць Паміж намі нейкай недарэчнасці. Я маўчу, я не пытаю ў вас, Што так доўга свята не адзначым. Толькі ледзь не кожны дзень, што згас Зноў без вас — на палавіну страчаны. Я маўчу, як зерне ў баразне. Прыйдзе ж час — адзіны ў свеце голас Хваляй сонца ахіне мяне — I схілюся ў шчасці цяжкім коласам. 1970 ВЫ ЁСЦЬ Вы ёсць. Як пад нагамі ёсць зямля. Як гэта неба ёсць над галавою. Вы — нібы гарызонт, які здаля Са мной жартуе блізкасцю сваёю. А я прымаю жарты за сур'ёз. То не самападман. То проста веры У маю сутнасць. I пакуль Вы ёсць, Мой шлях адзін, мой шлях — наперад. 1970 Я ВАС ЛЮБЛЮ На Ваша «ты» сказаць Вам «ты» не смею, I калі позірк позіркам злаўлю, Як птушанё, спалохана нямею. Я не кахаю Вас. Я Вас люблю. Святла, што падарылі, не растрачу. I шчырых слоў ніколі не згублю. ...Нашто журба у цёплых зрэнках Вашых?.. Я не кахаю Вас. Я Вас люблю. 1970 * * * Не трэба, дружа, не свяці Ты мне любоўю: Баюся сэрцам прырасці, Баюся болю. Не залучай, не прыручай Святой пяшчотай. Аддарам будзе нам адчай За шчасце ўпотай. Прадвызначана напярод: Любоў — крамола Там, дзе на долю недарод, На радасць голад. Пасей на мары лебяду. Ужо даволі Шнароў на сэрцы. Пашкадуй: Не выдай болю... 1987 СТУДЗЕНЬСКІ ЛІСТ Такая намаразь на шыбах, Што праз яе амаль не дападае Святло суседзяў з дому насупроць. (Прашу цябе, самота: Хоць на міг Ад роднага мне чалавека Адступі!) На вуліцы вядзьмарыць завіруха: След кожны ўвачавідкі зарастае Ссівелым мохам — зеллем прамінання. (Прашу цябе, трывога: Хоць на міг Ад роднага мне чалавека Адступі!) Над Белым возерам, над светам белым Драпежна сцюжа кружыць. Толькі рэкі Людской бяды ніяк не вымярзаюць... (О слова — шпак вясновы! Хоць на міг Сагрэй сягоння Роднага мне чалавека...) 1985