Читать «Фантамас» онлайн - страница 47

Марсель Ален

— Цікава, на капэрце жалобная аблямоўка. — Спачатку ён чытаў няўважліва, але потым зацікавіўся.— Нішто сабе! Паслухай, Шарло: «На сённяшняй прэм’еры «Крывавай плямы» вы з нечаканым майстэрствам загрыміраваліся пад Гурна, забойцу лорда Белсома... Сёння ў дзве гадзіны ночы вас чакаюць у гэтым абліччы на вуліцы Месэ, дом 22, прыязджайце; вас кахаюць. Чакаю...»

— I хто гэта так піша? — пацікавіўся Шарло.

— Не скажу! Бо тут ёсць яшчэ і постскрыптум: «Прашу захаваць гэтае запрашэнне ў таямніцы, як прачытаеце, спаліце ліст...»

— Няўжо пойдзеце? — здзівіўся Шарло.— Здыміце хаця б турэмную вопратку, у якой былі на сцэне!

— Не, пераапранацца не буду, яна так прасіла! Не думай, гэта жарт, да таго ж я неаднойчы бачыў тую, што паслала ліст, апошні раз на судовым працэсе. Гэта такая жанчына! Яна надзвычай прыгожая, вытанчаная, зграбная...

— Вар’ятка,— перапыніў яго Шарло.

— Закаханая,— удакладніў актор.— Хутчэй, покуль я буду надзяваць плашч, знайдзі ў даведніку, дзе тая вуліца.

— Месэ, Месэ... — паўтараў назву Шарло і гартаў старонкі даведніка.— Пан Вальгран,— спуджана прамовіў грымёр,— на гэтай вуліцы турма, дзе сядзяць прысуджаныя да смяротнай кары, там сядзіць Гурн.

— Дык мне прызначылі спатканне ў турме? — засмяяўся Вальгран.

— Амаль што — у доме насупраць!

— Я спадзяюся,— Вальгран спыніўся ў дзвярах,— сённяшняя ноч будзе надзвычай цікаваю!

Шарло застаўся адзін у грымёрнай і, нягледзячы на тое, што Вальгран кідаўся ў такія прыгоды не ўпершыню, усё адно прабурчаў:

— Жанчыны давядуць яго да згубы! Гэта ж трэба, забыўся надзець пальчаткі і кашнэ!

XXXII

Здрада

Лэдзі Белсом нервавалася. Яна крочыла па пакоі, штохвілінна спынялася і прыслухоўвалася да гукаў парыжскай ночы.

— Ён не прыйдзе,— шаптала яна,— не прыйдзе. Што тады рабіць?

Дом нумар 22 на вуліцы Месэ меў два паверхі. У ім ніхто не жыў колькі тыдняў. Вялікі пакой другога паверха, дзе стаялі старая абшарпаная канапа, такі ж занядбаны фатэль, колькі саламяных крэслаў і стол, у ноч на васемнаццатае кастрычніка зняла лэдзі Белсом.

На пліце грэўся чайнік, стаяла колькі філіжанак і ляжалі на сподках маленькія пірожныя. Лэдзі Белсом падбегла да дзвярэй і прыслухалася: блізіліся нечыя няўпэўненыя крокі.

«Мужчына!» — вызначыла яна.

Вальгран любіў прыгоды і таму спакусіўся прапановаю прыйсці на спатканне ў грыме Гурна якраз да той жанчыны, якую забойца павінен быў напалохаць больш за іншых: лэдзі Белсом, удава лорда-нябожчыка!

«Магчыма, гэта новы від мазахізму,— разважаў Вальгран,— і ёй падабаецца, калі яе палохаюць? Нічога, зараз паглядзім».

Вальгран адчыніў дзверы, кінуў паліто з капелюшом у фатэль, стаў перад лэдзі Белсом і сказаў:

— Вось і я!

Лэдзі Белсом прыкрыла свой твар далонямі, але неўзабаве авалодала сабою.

— Дзякуй вам,— сказала яна.— Дзякуй, што прыйшлі. Вальгран хацеў запярэчыць, але лэдзі Белсом казала далей: — На дварэ холадна, спадзяюся, вы вып’еце кавы, пан Вальгран? — Яна падала свайму госцю філіжанку. Яе рука прыкметна дрыжэла.

— З гэтых рук я гатовы браць усё! — адказаў Вальгран. Ён насыпаў сабе цукру, калі ж хацеў насыпаць у філіжанку і лэдзі Белсом, яна спыніла яго: