Читать «Фантамас» онлайн - страница 49

Марсель Ален

Лэдзі Белсом сцвярджальна кіўнула.

— Яно пачало дзейнічаць імгненна, я нават спалохалася, каб ён не паваліўся на мяне.

— Каханая! — глыбока ўздыхнуў Гурн.— Ты выратавала мяне!

Ён пацалаваў яе. Тут Гурн заўважыў на падлозе шырокае паліто Вальграна, накінуў яго на плечы.

— Ну як, пасуе мне?

— Выдатна, але нам час ісці.

— Хвілінку! — Гурн дакрануўся да свайго твару.— Мне трэба пазбавіцца вусоў і барады.— Ён узяў нажніцы і падышоў да люстэрка.

Унізе рыпнулі сходы. Гурн збялеў, лэдзі Белсом кінулася да дзвярэй. Яна не паспела іх зачыніць. Гурн насунуў на вочы Вальгранаў капялюш. Захінуў паліто і наставіў каўнер.

Тым часам у дзвярах з’явіўся грымёр Шарло.

— Хто вы, што вам трэба? — спытала лэдзі Велсом.

— Я — Шарло.— Тут ён заўважыў у пакоі Гурна і паказаў на яго рукою: — Пан Вальгран мяне ведае. Я прыйшоў таму, што пан Вальгран спяшаўся і пакінуў у тэатры свой партманет.— Шарло дастаў з кішэні чорны партманет і наблізіўся да Гурна. Але лэдзі Белсом заступіла яму дарогу.

— Сыходзьце,— загадала яна.

— Выбачайце, я зараз сыду. Уся гэтая гісторыя... сёння ўвечары... дакладна гэтай ноччу, праз якія-небудзь дзве гадзіны, я прачытаў выпадкова ў газеце, будзе здзейснены смяротны прысуд. Дык вось, я спалохаўся і вырашыў прайсціся следам за панам Вальгранам. Выбачайце і не злуйце на мяне.

Шарло павярнуўся да дзвярэй і глянуў у акно.

Ранішняе сонца кранула край неба. На рагу вуліцы ўздоўж турэмных муроў узвышаўся насып, побач з якім ужо сабраўся натоўп. Шарло ўзняў руку і сказаў:

— Там эшафот! Гэта ж гільяціна! Вунь блішчыць лязо!

Апошняе слова перайшло ў смяротны крык. Гэта Гурн дастаў з кішэні нож і ўдарыў ім старога Шарло. Лэдзі Белсом здрыганулася і адступіла на крок. Гурн схапіў яе за руку.

— Мы мусім уцякаць.

XXXIII

На эшафоце

Ноччу, за колькі гадзін да гэтага здарэння, людзі пачалі сыходзіцца да месца пакарання. Сярод іх было нямала вясёлых кампаній. Да раніцы перад эшафотам ужо стаяў натоўп.

Пракурор рэспублікі скончыў усе неабходныя фармальнасці. Над горадам узняла свае крывавыя рукі гільяціна. Гэтай раніцай павінен загінуць забойца лорда Белсома. Навіна абляцела ўвесь горад. I публіка збіралася на крывавае відовішча, не раўнуючы, як на свята. У гэты момант да турмы Сантэ набліжаліся двое мужчын: Жуў і Фандор.

— Вунь муніцыпальная гвардыя,— Жуў пацягнуў Фандора за руку. — Давайце схаваемся за газетнымі кіёскамі, покуль яны адсунуць натоўп.

Камісар Жуў дакладна прадказаў дзеянні гвардзейцаў. Яны хутка адагналі натоўп. Камісар Жуў і Фандор мелі спецыяльныя пасведчанні, якія прэфектура выдавала толькі абраным і па якіх дазвалялася знаходзіцца непасрэдна перад эшафотам.

Жуў і Фандор цяпер стаялі пасярод пляца, перад гільяцінай. Па эшафоце праходжваліся мужчыны ў чорных рэдынготах і цыліндрах.

— Гэта мае калегі,— сказаў Жуў Фандору.— А вось і твае калегі — кіраўнікі аддзелаў хронікі галоўных сталічных газет. Табе пашанцавала, што менавіта ты будзеш прадстаўляць такую газету, як «Капіталь».

— Прызнаюся вам, пан камісар,— адказаў Жэром Фандор,— што я сюды прыйшоў таму, што хацеў убачыць, як адсякуць галаву Гурну, які, як вы давялі, і ёсць Фантамас. Я хачу на свае вочы пераканацца ў ягонай смерці. На іншае катаванне я б не прыйшоў.