Читать «Фантамас» онлайн

Марсель Ален

П'ер Сувэстр, Марсель Ален

ФАНТАМАС

Раман

З французскай

Для сярэдняга школьнага ўзросту

Рэдактар М. М. Зарэмба.

Мастацкі рэдактар У. М. Жук.

Тэхнічны рэдактар С. А. Абрамчук.

Карэктар Л. К. Паплаўская.

Выдавецтва «Юнацтва» Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь, 1994.

I

Геніяльны злодзей

— Фантамас?

— Як вы сказалі?

— Фантамас!

— А што гэта азначае?

— Нічога... і ўсё!

— Але хто ён такі?

— Ніхто і разам з тым усё!

— А чым ён займаецца?

— Ён нясе жах!!!

Здаўна павялося, што маркіза дэ Лангрун, якой належаў замак Бале, дзеля таго каб не сумаваць у адзіноцтве і не згубіць старых сувязяў, запрашала кожную сераду знаёмых і сяброў да сябе ў маёнтак на вячэру.

У гэтую сераду ў маркізы гасцявалі: старшыня суда Банэ, ксёндз Сіко, багатая і незалежная маладая ўдава баранеса дэ Вібрэ; з маладога пакалення: абаяльны васемнаццацігадовы юнак Шарль Рамбэр і ўнучка гаспадыні Тэрэза Авернуа.

У тым, што казаў суддзя Банэ, было столькі дзіўнага і таемнага, што ўсе міжволі зацікавіліся таямнічым Фантамасам, пра якога суддзя так і не сказаў нічога пэўнага. Суддзя стаміўся ад пытанняў.

— Давайце мы з вамі, панове, звернемся да статыстыкі,— сказаў ён.

— Цікава, да чаго пан вядзе? — пацікавілася маркіза дэ Лангрун.

— А вось да чаго,— адказаў суддзя.— Нягледзячы на тое, што большая частка злачынстваў застаецца нераскрытай, на іх нельга забывацца, адны з іх здзейснены звычайнымі злачынцамі, а за другімі схаваны загадкавыя асобы. Іх цяжка выявіць: яны занадта разумныя, каб трапіць у пастку.

Малады Шарль Рамбэр зацікаўлена слухаў суддзю.

— Менавіта таму пан нагадаў Фантамаса? — усхвалявана спытаў ён.

— Так, сапраўды, менавіта яго я і меў на ўвазе. Наш час адзначаны існаваннем таямнічага і жахлівага злодзея, якога людзі назвалі Фантамасам! Фантамас!.. Ніхто дакладна не ведае, хто ён такі, і высветліць гэта немагчыма. Фантамас! Ён здатны прыняць аблічча пэўнага, больш за тое, нават вядомага чалавека, а потым раптам з’явіцца ў дзвюх асобах адначасова! Фантамас! Яго няма нідзе і ён усюды! Ягоны цень лунае над самымі жахлівымі таямніцамі, ягоны след знаходзяць там, дзе адбыліся самыя незвычайныя злачынствы...

— Але я не разумею,— перапыніла суддзю маркіза дэ Лангрун і звярнулася да Шарля і Тэрэзы: — Вам, відаць, сумна з намі, старымі?

Баранеса дэ Вібрэ ізноў павярнула размову да Фантамаса:

— Якое дачыненне мае гэты жахлівы Фантамас да знікнення лорда Белсома? На жаль, мы, жанчыны, добра ведаем мужчын: хутчэй за ўсё ён проста ўцёк.

— Наўрад ці, баранеса... Вядома, я б з гэтым пагадзіўся, каб знікненне лорда Белсома не адбылося пры таямнічых абставінах. Лэдзі Белсом непакоілася, бо муж не прыйшоў начаваць, і толькі на наступную раніцу згадала, што перад адыходам ён чытаў нейкі ліст нязвыклых квадратных абрысаў, напісаны чорным атрамантам буйнымі літарамі. Яна знайшла гэты ліст на мужавым стале, аднак усё напісанае знікла за ноч з аркуша. Газета «Капіталь» звярнулася за тлумачэннямі да Жува, знакамітага камісара крымінальнага вышуку, які не раз выкрываў і затрымліваў небяспечных злачынцаў. Гісторыя з лістом насцярожыла Жува, і ён сказаў, што такія загадкавыя выпадкі ён можа звязаць толькі з Фантамасам.